Пошук

Vatican News
Санктуарый у Лурдзе Санктуарый у Лурдзе 

Папскі дэлегат для санктуарыя ў Лурдзе на аўдыенцыі ў Францішка

Крызісу ў Лурдзе няма. Аднак пілігрымы мяняюцца, і гэта трэба ўлічваць, - падкрэсліў біскуп Антуан Эруар, якога Папа прызначыў у чэрвені сваім дэлегатам для гэтага сусветна вядомага санктуарыя.

Францішак прыняў іерарха на аўдыенцыі ў Ватыкане, і гэта стала магчымасцю падзяліцца першымі ўражаннямі і распавесці Пантыфіку пра рэальны стан рэчаў.

Біскуп Эруар падкрэсліў, што рады ўбачанаму за два месяцы ў Лурдзе. Там ён сустрэў жывую веру пілігрымаў, атмасферу малітвы і моцны досвед прымірэння, які рэалізуецца ў сакрамэнце споведзі. У апошні час, аднак, пілігрымы змяніліся. Па прычыне эканамічнага крызісу значна зменшылася колькасць італьянцаў. Дыяцэзіяльныя пілігрымкі таксама сталі менш шматлікімі. Замест гэтага колькасна вырасла група вернікаў з далёкіх краін, такіх як Карэя, Філіпіны, Індыя, Бразілія і Аргентына. “Стала больш культурнай разнастайнасці, і трэба ўлічваць гэта”, - сказаў французскі біскуп.

Папскі дэлегат падкрэсліў, што вельмі важна падтрымліваць “простую” народную пабожнасць. “Варта прымаць людзей такімі, якія яны ёсць, і там, дзе яны хочуць. Трэба пагадзіцца, што мы павінны дапамагаць ім праз гэтыя простыя жэсты, дадзеныя нам. Гаворка ідзе пра магчымасць дакрануцца да скалы, выпіць вады, пагрузіцца ў яе, запаліць свечку, забраць з сабой ваду з Лурда. Усе гэта знакі, сімвалы, сродкі, якія выражаюць нешта значна глыбейшае, а менавіта: давер людзей да Панны Марыі, а праз яе – і да яе Сына. Таму што Марыя заўсёды вядзе нас да Хрыста”, - сказаў іерарх.

Прызначаючы біскупа Эруара дэлегатам, Пантыфік прадэманстраваў сваю заклапочанасць душпастырскім клопатам пра пілігрымаў. Ён жадае, каб цэнтры марыйнага культу ў большай ступені былі “месцамі хрысціянскай малітвы і сведчання, што адпавядае патрэбам народа Божага”. Аб гэтым напісаў сам Францішак у адмысловым лісце да французскага іерарха.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 жніўня 2019, 12:14