Кардынал Луіс Рафаэль Сако. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Луіс Рафаэль Сако. Ілюстрацыйнае фота 

Касцёл у Іраку чакае візіту Папы

Касцёл у Іраку з нецярпеннем чакае візіту Святога Айца, падкрэсліў кардынал Луіс Рафаэль Сако, арцыбіскуп Багдадскі, падчас адкрыцця Сінода Халдэйскай Каталіцкай Царквы.

Асамблея праходзіць з 4 па 13 жніўня 2019 г. у горадзе Эрбіль на тэрыторыі іракскага Курдыстану. У ёй прымаюць удзел біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і, упершыню, свецкія вернікі – па адным прадстаўніку ад кожнай дыяцэзіі. З нагоды форума Патрыярх Сако скіраваў ліст да Францішка.

“Карыстаюся гэтай нагодай, каб выказаць Вашай Святасці глыбокую ўдзячнасць Халдэйскай Царквы за малітву і блізкасць да хрысціян Іраку і рэгіёну”, - напісаў іерарх.

Кардынал Сако нагадаў, што Халдэйская Каталіцкая Царква з’яўляецца невялікай, яна мае “важнае значэнне для Паўсюднага Касцёла і іншых хрысціян”. Ад першых стагоддзяў яна была місійнай, дасягнуўшы аж Кітаю ў прапаведванні Евангелля, а таксама дала і працягвае даваць шматлікіх мучанікаў. “Заўсёды была Царквой мучанікаў на працягу сваёй гісторыі”, - нагадаў іракскі іерарх.

Патрыярх Халдэйскі заўважыў, што хрысціяне і мусульмане Іраку працягваюць штодзённа пакутаваць і гінуць. “Маем надзею, што наша супольнае цярпенне стане знакам надзеі дзеля лепшай будучыні”, - дадаў ён.

“З вялікай радасцю мы прынялі навіну адносна Вашага візіту ў Ірак. Ваша прысутнасць між намі – была б вялікай падтрымкай і падбадзёрваннем, асабліва ў гэтых умовах. Чакаем Вас з нецярпеннем”, - падкрэсліў кардынал Сако.

Францішак неаднаразова заяўляў аб сваім жаданні наведаць Ірак. Апошні раз тэма візіту ўздымалася ў чэрвені, падчас яго сустрэчы з членамі фонду ROACO, які займаецца дапамогай Усходнім Каталіцкім Цэрквам. Папа падкрэсліваў, што жадае наведаць блізкаўсходнюю краіну ў 2020 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
05 жніўня 2019, 15:04