Пошук

Vatican News
Ян Павел ІІ з каралём Марока Хасанам ІІ. Падчас візіту ў 1985 г. Ян Павел ІІ з каралём Марока Хасанам ІІ. Падчас візіту ў 1985 г. 

Св. Ян Павел II і яго чатырнаццаць падарожжаў у Афрыку

Пантыфікі другой паловы ХХ ст. імкнуліся прыцягнуць увагу свету да Афрыкі. Хуткі афрыканскі візіт Францішка – магчымасць узгадаць гэта. Ян Павел II ажыццявіў 14 падарожжаў на афрыканскі кантынент.

У перыяд з 1980 г. па 2000 г. святы Папа наведаў 38 народаў. Яго першая пілігрымка ў Афрыку адбывалася з 2 па 12 мая 1980 г.: за 10 дзён ён наведаў Заір (сёння – Дэмакратычная Рэспубліка Конга), Кенію, Рэспубліку Конга, Гану, Буркіна-Фасо і Кот-д’Івуар.

Менш чым праз два гады Папа вярнуўся ў Афрыку ў рамках чарговага Апостальскага падарожжа, якое доўжылася тыдзень. З 12 па 19 лютага 1982 г. св. Ян Павел II пабываў у Нігерыі, Беніне, Габоне і Экватарыяльнай Гвінеі.

Трэці Апостальскі візіт на афрыканскі кантынент ён здзейсніў 8-19 жніўня 1985 г. Тады Святога Айца віталі жыхары Тога, Камеруна, Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, Марока і ўжо ў другі раз – Заіра, Кот-д’Івуара і Кеніі.

Чацвёртая пілігрымка мела месца ў 1988 г.: з 10 па 19 верасня Ян Павел II наведаў Зімбабвэ, Батсвану, Лесота, Свазілэнд і Мазамбік. Менш чым праз год, з 28 красавіка 1989 г. па 6 мая 1989 г., ён ізноў пабываў з Апостальскім візітам у Афрыцы, ступіўшы на землі Мадагаскара, Малаві, вострава Рэюньён і Замбіі.

У шосты раз Папа пабываў у Афрыцы ў 1989 г., у рамках сваёй пілігрымкі ў Азію. Вяртаючыся з падарожжа ў Паўднёвую Карэю і Усходні Цімор, Папа завітаў на востраў Маўрыкій, дзе знаходзіўся з 14 па 16 кастрычніка.

Сёмая пілігрымка св. Яна Паўла II у Афрыку мела месца ў 1990 г.: з 25 студзеня па 1 лютага ён пабываў у Каба-Вэрдэ, Гвінеі-Бісау, Чадзе, Малі і ўжо ў другі раз – у Буркіна-Фасо. А праз паўгода, з 1 па 10 верасня 1990 г., ён вярнуўся на кантынент і наведаў Танзанію, Бурундзі, Руанду і ў чарговы раз – Рэспубліку Кот-д’Івуар, у сталіцы якой, горадзе Ямусукра, асвяціў базыліку Нотр-Дам-Дэ-Ла-Пэ (Найсвяцейшай Дзевы Марыі Міру), вядомую ў свеце як “афрыканская базыліка св. Пятра”.

У 1992 г. Папа здзейсніў адзін за другім яшчэ два Апостальскія візіты ў Афрыку: у лютым яго віталі ў Сенегале, Гамбіі і Гвінеі, а ў чэрвені – у Анголе і астраўной краіне Сан-Тамэ і Прынсіпі. У наступным годзе Ян Павел II завітаў на афрыканскі кантынент у адзінаццаты раз: у лютым 1993 г. адбылася яго пілігрымка ў Бенін, Уганду і Судан.

З 14 па 20 верасня 1995 г. Папа наведаў Камерун, Кенію і Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, вызваленую з рэжыму апартэіду. Гэты дванаццаты па ліку візіт у Афрыку меў асаблівую важнасць, таму што праходзіў пасля правядзення годам раней у Ватыкане Спецыяльнай Асамблеі Сінода біскупаў па пытаннях Афрыкі.

З 21 па 23 сакавіка 1998 г. Ян Павел II у другі раз наведаў Нігерыю. Яго апошняя, чатырнаццатая пілігрымка ў Афрыку прыйшлася на 2000 г. З нагоды Вялікага Юбілею св. Ян Павел II здзейсніў падарожжа ў Егіпет і пабываў на гары Сінай.

Знакавымі сталі першыя словы св. Яна Паўла II у Афрыцы, прамоўленыя ў Кіншасе 2 мая 1980 г.: “Вітаю кожную з афрыканскіх нацый. Радуюся разам з імі, таму што яны ўзялі ў свае рукі ўласны лёс. Думаю аб прыгожай спадчыне іх чалавечых і духоўных каштоўнасцей, аб іх пахвальных намаганнях, аб усіх іх наяўных патрэбах. (…) Афрыка мае патрэбу ў незалежнасці і бескарыслівай узаемадапамозе; яна мае патрэбу ў міры”.

Сёння місію абвяшчэння Добрай Навіны Афрыцы працягвае папа Францішак. За час свайго пантыфікату, які распачаўся ў 2013 г., ён ужо тройчы наведваў гэты кантынент: у лістападзе 2015 г. здзейсніў Апостальскае падарожжа ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку, Кенію і Уганду; у красавіку 2017 г. – у Егіпет, а ў сакавіку 2019 г. – у Марока. Неўзабаве Пантыфік адправіцца ў Афрыку ў чацвёрты раз: з 4 па 10 верасня 2019 г. ён наведае Мазамбік, Мадагаскар і Маўрыкій.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 жніўня 2019, 11:40