Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Ватыканскі прэфект аб выкліках для кансэкраванага жыцця

Галоўным выклікам для кансэкраванага жыцця ў наш час з’яўляецца фармацыя. У гэтай сферы яшчэ трэба шмат змяніць, перакананы кардынал Жоао Браз Дэ Авіс.

Прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў Апостальскага жыцця даў каментар парагвайскаму выданню “Última Hora” з нагоды завяршэння падарожжа ў гэту лацінаамерыканскую краіну. Яно было прымеркавана да 60-й гадавіны мясцовай Канферэнцыі манаскіх супольнасцей.

У рамках візіту госць з Ватыкана прыняў удзел у агульнацыянальнай сустрэчы кансэкраваных асобаў, на якой сабраліся прадстаўнікі 90 манаскіх супольнасцей.

Кардынал Браз Дэ Авіс заўважыў, што фармацыя кансэкраваных асобаў павінна быць пастаянным працэсам, які патрабуе ўвагі, адказнасці, слухання, а таксама здольнасці прабачэння.

Прэфект ватыканскай Кангрэгацыі звярнуў увагу на патрэбу ў добрым разважанні над уласнымі харызматамі, якое павінны здзейсніць манаскія супольнасці. “Трэба паглядзець, што ў іх з’яўляецца істотным, а што мае другаснае значэнне”, - сказаў ён.

Паводле іерарха, многія рэчы ў манаскай традыцыі звязаны з культурай мінулага і больш не з’яўляюцца карыснымі. “Мы маем формы жыцця, якія злучаны з нашымі заснавальнікамі і больш не з’яўляюцца істотным: спосаб малітвы, манера апранацца, наданне ўвагі пэўным рэчам, якія больш не з’яўляюцца важнымі”, - сказаў ён. Кардынал перакананы, што важна засяродзіцца менавіта на харызмаце заснавальнікаў.

Спасылаючыся на дыскусію аб цэлібаце, іерарх нагадаў, што абяцанне чыстасці – гэта адзін з стаўпоў кансэкраванага жыцця і ад яго, безумоўна, нельга адмаўляцца. У той жа час ён зазначыў, што да жыцця ў цэлібаце трэба быць пакліканым. Важна, каб асоба добра паразважала ці мае яна менавіта такое пакліканне, або мае іншае.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 ліпеня 2019, 11:11