Парыжскі сабор Нотр-Дам пасля пажару ў красавіку 2019 г. Парыжскі сабор Нотр-Дам пасля пажару ў красавіку 2019 г. 

Святы Пасад занепакоены праектамі рэстаўрацыі Нотр-Дам

Пры рэстаўрацыі парыжскага катэдральнага сабора Нотр-Дам павінна быць захавана яго культавае вымярэнне, падкрэсліў пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ЮНЕСКА.

Мансеньёр Франчэска Фола прымае ўдзел у працы 43-сесіі Камітэта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, якая з 30 чэрвеня па 10 ліпеня 2019 г. праходзіць у Баку. Ён падзяліўся заклапочанасцю Святога Пасаду ў сувязі з некаторымі праектамі рэканструкцыі сабора, што пацярпеў у выніку пажару 15 красавіка. У прыватнасці на яго даху прапаноўвалася зрабіць вялікую аранжарэю.

Ватыканскі дыпламат заўважыў, што Нотр-Дам павінен быць вернуты веруючым, няверуючым і будучым пакаленням, згодна з прынцыпам, паводле якога, захаванне культурнай спадчыны, павінна ўключаць таксама яе рэлігійнае вымярэнне, што з’яўляецца неад’емнай ўмовай прызнання яе высокай каштоўнасці.

Ён нагадаў словы Францішка, які выказваў спадзяванне, што Нотр-Дам “зможа застацца, дзякуючы рэканструкцыі і ўсеагульнай мабілізацыі, цудоўнай шкатулкай у сэрцы горада, знакам веры тых, хто яго пабудаваў, касцёлам-маці сваёй дыяцэзіі, архітэктурнай і духоўнай спадчынай Парыжа, Францыі і чалавецтва”.

У ходзе рэстаўрацыі і рэканструкцыі храма, павінна быць падкрэслена яго культавае вымярэнне дзеля захавання сакральнасці гэтага месца, зазначыў мансеньёр Фола. Ён заклікаў аддаць прыярытэт патрабаванням, звязаным з культавымі дзеяннямі, якія павінны надалей тут праходзіць. Элементы базылікі, якія будуць адноўлены, “павінны адпавядаць той мэце, дзеля якой яна была пабудавана”, а таксама, павінны быць зроблены такім чынам, “каб была распазнавальнай яе тоеснасць”, дадаў дыпламат.

Заклапочанасць сітуацыяй вакол Нотр-Дам выказаў таксама арцыбіскуп Парыжа Мішэль Опэці. У размове з журналістамі ён распавёў, што на рэканструкцыю было сабрана толькі 38 млн. еўра. У той час як пасля пажару Міністэрства культуры Францыі абяцала, што на гэту мэту будзе накіравана 850 млн. еўра, сабраных галоўным чынам дзякуючы ахвяраванням буйных бізнесменаў. Арцыбіскуп Парыжа выказаў спадзяванне, што патрэбная сума будзе знойдзена. Паводле яго слоў, затрымка з атрыманнем сродкаў, звязана з тэхнічнымі пытаннямі, якія суправаджаць перавод вялікіх ахвяраванняў.

Парыжскі катэдральны сабор Нотр-Дам, будаўніцтва якога пачалося ў ХІІ ст., з’яўляецца адным з яскравых прыкладаў гатыцкай архітэктуры. У 1991 г. ён быў уключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Храм знаходзіцца ва ўласнасці французскай дзяржавы.

Навіна ў фармаце аўдыё
09 ліпеня 2019, 12:29