Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец: бараніць правы маракоў і рыбакоў

Пантыфік заклікаў бараніць правы маракоў і рыбакоў. Адмысловы заклік ён скіраваў з нагоды Марской нядзелі, якая сёлета адзначалася ў Каталіцкім Касцёле 14 ліпеня.

“На сёння выпадае Марская нядзеля, прысвечаная маракам і рыбакам. Малюся за іх і іх сем’і, заклікаю прыкладаць усе намаганні для абароны іх правоў чалавека”, - напісаў Папа праз свой акаўнт у сацыяльнай сетцы “Твітэр”.

З нагоды Марской нядзелі, якая з 1975 г. штогадова адзначаецца ў Касцёле ў другую нядзелю ліпеня, Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека скіравала адмысловы ліст, звяртаючы ўвагу на сітуацыю людзей, якія працуюць у моры.

“У гэты дзень вернікі пакліканы памятаць пра паўтара мільёна маракоў, якія перасякаюць моры і акіяны, перавозячы 90% усіх тавараў з адной краіны ў іншую, а таксама маліцца за іх. Камусьці жыццё маракоў можа здавацца прывабным і цікавым, бо ў ходзе плавання яны наведваюць шматлікія краіны, але ў рэальнасці жыццё марака – поўнае праблем і цяжкасцей”, - гаворыцца ў дакуменце.

Затрымка заробку, парушэнні ў працоўных кантрактах, доўгая разлука з сям’ёй, злоўжыванні, ізаляванасць, праблемы са здароўем, неабароненасць – гэта толькі некаторыя цяжкасці, з якімі сустракаюцца людзі, што працуюць у моры. Перад абліччам такой сітуацыі Святы Пасад заклікаў міжнародныя арганізацыі і дзяржаўныя структуры прыкладаць усе намаганні, накіраваныя на падтрымку правоў маракоў і рыбакоў.

У паведамленні Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека падкрэсліваецца таксама, што з 29 верасня па 4 кастрычніка 2020 г. у Глазга адбудзецца ХХV Сусветны канкрэс марскога душпастырства “Stella Maris”. Форум будзе прымеркаваны да стагоддзя дзейнасці гэтага каталіцкага аб’яднання, якое дзейнічае ў больш чым 300 партах у 55 краінах свету.
 

Навіна ў фармаце аўдыё
15 ліпеня 2019, 09:41