Пошук

1.jpg

Шчаслівыя міласэрныя: мазаіка праектаў гомельскага “Карытас”

Гомельская Дабрачынная каталіцкая місія “Карытас-Міласэрнасць” сёлета рэалізуе мноства сацыяльных праектаў, прычым не толькі ў абласным цэнтры, але ва ўсёй Гомельскай вобласці.

Ажыццяўленне дабрачыннай дзейнасці магчыма дзякуючы пастаяннаму супрацоўніцтву з замежнымі партнёрамі: “Карытас-Лінц”, “Рэнавабіс”, іншымі спонсарамі, а таксама дзякуючы мясцовым ахвярадаўцам, заўважыў дырэктар арганізацыі, кс. Юрый Варанко, у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Vatican News.

Самыя маштабныя праекты гомельскага “Карытас” – Дзіцячая вёска” для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця і будаўніцтва інтэграцыйнага адукацыйна-тэрапеўтычнага цэнтра. “Дзіцячая вёска” – унікальны праект для Беларусі. Дзяцей тут аб’ядналі ў групы сем'і, якім служаць адначасова і персанал інтэрнату, і медыкі, і валанцёры, і манахіні.

Сярод праектаў “Карытас-Міласэрнасць” ёсць і такія, напрыклад, як “Зімовая дапамога”. Ён ажыццяўляецца штогод дзякуючы падтрымцы “Карытас-Лінц” і заключаецца ў аказанні сацыяльнай дапамогі насельніцтву ў раёнах Гомельскай вобласці. Гэтай зімой у рамках ініцыятывы бедным сялянам з Брагінскага раёна была аказана дапамога ў выглядзе прадуктовых набораў, ацяпляльных матэрыялаў, адзення і абутку. У халодны перыяд такая падтрымка ў пэўнай ступені паменшыла выдаткі асабліва для праблемных сем'яў, адзінокіх, людзей з інваліднасцю, дала магчымасць выкарыстоўваць зэканомленыя сродкі на іншыя важныя патрэбы.

“[Мы дапамагалі з прадуктамі харчавання, дровамі, якія патрэбны на ацяпленне памяшкання, адзеннем. Мы маем добрыя водгукі, таму пастараемся працягнуць праект і ў наступным годзе]”

, - адзначыў кс. Юрый.

Яшчэ адзін цікавы праект, які ажыццяўляецца пры падтрымцы аўстрыйскі партнёраў – “Арганізацыя дапамогі ў хатняй гаспадарцы” на тэрыторыі Рагачоўскага і Нараўлянскага раёнаў. Мэтай з’яўляецца забеспячэнне людзей, якія стаяць на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сялянам дапамагаюць хатняй жывёлай і кормам, неабходным для яе ўтрымання на першы час. Шматдзетныя, няпоўныя, прыёмныя сем’і, людзі з інваліднасцю і грамадзяне, што знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, якія пражываюць у Нараўлянскім і Рагачоўскім раёнах, ужо атрымалі маладых курэй, качанят, парсючкоў, трусоў, цялятаў, а таксама корм.

“[Гэты праект дапамагае сем'ям у паляпшэнні ўмоваў жыцця не толькі праз іх пасіўны ўдзел, але таксама праз тое, што людзі самі клапоцяцца пра жывёлу і потым могуць мець з гэтага карысць]”

, - пракаментаваў святар.

Сёлета гомельскі “Карытас” ўпершыню распачаў супрацоўніцтва з Рагачоўскім псіханеўралагічным домам-інтэрнатам для састарэлых і інвалідаў, у якім пражывае больш за 200 чалавек, сярод якіх больш за палову не можа даглядаць за сабой без кругласутачнай падтрымкі з боку медыцынскага персаналу. “Карытас-Міласэрнасць” дапамог уладкаваць тут цырульнае памяшканне: быў зроблены касметычны рамонт, набыта неабходнае якаснае абсталяванне і інструменты, а таксама сродкі гігіены і дапаможныя прылады. Гэта дае магчымасць без праблем абслугоўваць ляжачых жыхароў і тых, хто не можа прыйсці ў цырульню самастойна.

“[Важна тое, што самі людзі, якія пражываюць у інтэрнаце, могуць навучыцца навыкам цырульніка, каб потым таксама аказваць сваім сябрам такія паслугі. Не абавязкова будзе запрашаць прафесійнага цырульніка, каб ён рабіў гэта за грошы]”

, - распавёў дырэктар “Карытас-Міласэрнасць”.

Кс. Юры нагадаў, што ў рэалізацыі праектаў вельмі важную ролю адыгрываюць лакальныя ахвяраванні, таму запрашае неабыякавых людзей да фінансавай, а таксама валанцёрскай дапамогі ў супольнай працы на карысць грамадства.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія

Навіна ў фармаце аўдыё
13 ліпеня 2019, 10:30