Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Новы старшыня каардынацыйнага органу епіскапатаў Афрыкі

Кардынал Філіп Накелентуба Уэдраога, арцыбіскуп Уагадугу ў Буркіна-Фасо, быў абраны новым старшынёй Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскару (Secam).

Выбары новага кіраўніка каардынацыйнага органу афрыканскіх епіскапатаў адбыліся падчас яго 18-пленарнага пасяджэння, якое праходзіцца з 21 па 28 ліпеня 2019 г. у горадзе Кампала ва Угандзе. У форуме прымалі ўдзел 40 дэлегацый, якія прадстаўлялі ўсе Канферэнцыі Біскупаў на афрыканскім кантыненце.

Кардынал Філіп Накелентуба Уэдраога нарадзіўся ў 1945 г. у мясцовасці Канэан у Французскай Верхняй Вольце, на тэрыторыі якой у 1960 г. была створана незалежная дзяржава Буркіна-Фасо. Вучыўся ў Папскім універсітэце “Урбаніянум” у Рыме. Па вяртанні на радзіму быў старшынёй Рэгіянальнага касцёльнага трыбуналу, нацыянальным кіраўніком Папскіх місійных спраў. У 1996 г. быў прызначаны біскупам Уахігуа. З 2001 па 2007 гг. – старшыня Канферэнцыі Біскупаў Буркіна-Фасо. У 2009 г. стаў арцыбіскупам Уагадугу. Кардынальскую годнасць атрымаў у 2014 г.

Сімпозіум Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскару быў заснаваны ў 1969 г. і стаў вынікам падарожжа Паўла VI у Афрыку. Сёлета аб’яднанне адзначае 50-гадовы юбілей. З 2013 па 2019 г. яго ўзначальваў арцыбіскуп Габрыэль Мбілінгі, пастыр архідыяцэзіі Лубанга ў Анголе.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 ліпеня 2019, 09:08