Cerca

Vatican News
Кардынал Сако з мэрам Кіркука. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Сако з мэрам Кіркука. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Кардынал: Папа можа наведаць Ірак вясной 2020 г.

Святы Айцец можа наведаць Ірак вясной 2020 г. Аб гэтым італьянскаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву SIR паведаміў кардынал Луіс Рафаэль Сако.

Патрыярх Халдэйскай Царквы заўважыў, што візіт Пантыфіка можа адбыцца, калі ў Іраку не будзе напружанасці і праблем з бяспекай. Паводле яго слоў, Францішак можа адведаць не толькі Багдад, але таксама Неджэф, Ур і Эрбіль у Курдскай аўтаномнай акрузе.

Кардынал Сако выказаў спадзяванне, што падчас візіту ў Неджэф, большасць насельніцтва якога складаюць шыіты, Папа зможа сустрэцца з іх духоўным лідэрам, аяталой Алі Сістані, і падпісаць разам з ім дакумент аб братэрстве паміж людзьмі, які падпісаў у Абу-Дабі з суніцкім лідэрам, імам Ахмедам аль-Таебам.

Ён распавёў, што ў горадзе Ур магла бы адбыцца міжрэлігійная сустрэча “Дзеці Абрагама”, а ў Эрбіле – сустрэча з бежанцамі з Ніневійскай раўніны.

Кардынал Сако падкрэсліў, што Францішак – “адкрыты чалавек, які шукае міру і братэрства”. “Усе ў Іраку, хрысціяне і мусульмане цэняць яго за прастату і блізкасць. Яго словы кранаюць сэрцы ўсіх, бо з’яўляюцца словамі пастыра. Ён – чалавек, які можа прынесці мір. Шмат мільёнаў мусульман сачыла за візітам Папы ў Абу Дабі. Так жа будзе ў Іраку”, - запэўніў Патрыярх.

Паводле іракскага іерарха, Папа прыбудзе як “новы Эзэхіэль, каб расчыніць браму для мірнай будучыні”. Эзэхіэль быў прарокам у Вавілоніі, які прапаведваў адраджэнне  сярод яўрэяў, выгнаных са сваёй зямлі – такіх жа бежанцаў, як сучасныя блізкаўсходнія хрысціяне. “Маю надзею на адраджэнне Іраку і іракцаў, малюся аб новым жыцці”, - дадаў кардынал.

Францішак неаднаразова заяўляў аб сваім жаданні наведаць Ірак. Апошні раз тэма візіту ўздымалася ў чэрвені, падчас яго сустрэчы з членамі фонду ROACO, які займаецца дапамогай Усходнім Каталіцкім Цэрквам. Папа падкрэсліваў, што жадае наведаць блізкаўсходнюю краіну ў 2020 г.

У снежні 2018 г. Ірак наведаў з афіцыйным візітам бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца – кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 ліпеня 2019, 09:25