Пошук

а. Джэрард Франсіска Тымонэр а. Джэрард Франсіска Тымонэр 

Генеральным магістрам дамініканаў стаў прадстаўнік Азіі

Новым Генеральным магістрам Ордэна братоў прапаведнікаў, больш вядомага як дамінікане, стаў 51-гадовы філіпінец, а. Джэрард Франсіска Тымонэр ІІІ.

88-ы наступнік св. Дамініка Гусмана быў абраны падчас Генеральнага капітула Ордэна, які з 4 ліпеня па 7 жніўня 2019 г. праходзіць у в’етнамскі горадзе Б’енхоа. Ён стаў першым за ўсю гісторыю настаяцелем дамініканаў з азіяцкага кантынента і трэцім, які не з’яўляецца еўрапейцам. Папярэднімі былі: а. Антоніа Дэ Манрой з Мексікі (1677-1686) і Карлас Аспірас Коста з Аргентыны (2000-2010)

Айцец Джэрард Тымонэр, нарадзіўся ў 1968 г. у горадзе Даэт. У 1985 г. уступіў у Ордэн прапаведнікаў. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1995 г. Вучыўся ў Філіпінскім дамініканскім цэнтры міжнародных даследаванняў, Універсітэце імя св. Тамаша ў Маніле і каталіцкім Універсітэце Нэймегена ў Нідэрландах. У 2014 г. Францішак уключыў яго ў склад Міжнароднай тэалагічнай камісіі.

Да абрання Генеральным магістрам а. Джэрард Тымонэр быў рэктарам каталіцкага Універсітэта св. Тамаша ў Маніле, правінцыялам дамініканаў на Філіпінах, а з 20 лютага 2017 г. – асістэнтам Генеральнага магістра па Азіі і Ціхаакіянскім рэгіёне.

Айцец Джэрард Тымонэр будзе настаяцелем Ордэна прапаведнікаў на працягу дзевяцігадовага тэрміну. Ён змяніў на пасадзе Генеральнага магістра 65-гадовага а. Бруна Кадорэ, які паходзіць з Францыі.

Ордэн братоў прапаведнікаў быў заснаваны ў 1214 г. св. Дамінікам Гусманам. На сённяшні дзень у яго ўваходзіць каля 6 тыс. манахаў, якія служаць у больш чым 80-ці краінах свету.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 ліпеня 2019, 11:12