Пошук

Лагатып 50-годдзя Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскару Лагатып 50-годдзя Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскару  

Пантыфік звярнуўся да біскупаў Афрыкі і Мадагаскару

22 ліпеня 2019 г. Святы Айцец Францішак даслаў спецыяльнае пасланне з нагоды 50-годдзя Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскару (Secam).

Ліст, скіраваны за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, быў прачытаны ў ходзе 18-га пленарнага пасяджэння каардынацыйнага органу, якое 21 ліпеня пачалося ў горадзе Кампала ва Угандзе. Дэвіз сесіі: “Касцёл – Божая сям’я ў Афрыцы, святкуй твой юбілей! Абвяшчайце Езуса Хрыста, вашага Збаўцу.”

Вітаючы ўдзельнікаў нарады – 40 дэлегацый, якія прадстаўляюць усе каталіцкія епіскапаты на афрыканскім кантыненце, – Францішак дзякуе Богу за “шматлікія ласкі”, якія дала праца Сімпозіума, а таксама за “братэрскую еднасць”, якая характарызавала яго дзейнасць на працягу апошніх 50-ці гадоў, гаворыцца ў пасланні.

Папа запэўніў у малітве за членаў арганізацыі, каб былі ўмацаваны ў сваёй місійнай дзейнасці на карысць евангелізацыі і спрыялі таму, каб Евангелле пранізвала ўсе сферы жыцця. “Такім чынам “Secam” працягне быць каштоўнай прыладай для мясцовых Касцёлаў, каб несці дапамогу ўсяму афрыканскаму кантыненту”, - адзначаецца ў дакуменце.

Заснаванне Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскару стала вынікам падарожжа ў Афрыку папы Паўла VI. Яно праходзіла з 31 ліпеня па 2 жніўня 1969 г. і было першай у гісторыі пілігрымкай Наступніка св. Пятра на афрыканскі кантынент.

Навіна ў фармаце аўдыё


 

22 ліпеня 2019, 12:23