Cerca

Vatican News
Папа Ян Павел І. Ілюстрацыйнае фота Папа Ян Павел І. Ілюстрацыйнае фота 

Бацькоўскі дом Яна Паўла І адкрые дзверы для наведвальнікаў

Бацькоўскі дом Яна Паўла І у паўночнаітальянскім горадзе Канале д’Агарда адкрые свае дзверы для наведвальнікаў. Урачыстая цырымонія адбудзецца 2 жніўня 2019 г.

Біскуп Карада Піцыёла, пастыр дыяцэзіі Віторыа-Вэнета, на тэрыторыі якой знаходзіцца радзіма Пантыфіка, паведаміў, што дом, у якім нарадзіўся і правёў дзяцінства Альбіна Лучані – будучы папа Ян Павел І, – 27 чэрвеня 2019 г. фармальна перайшоў ва ўласнасць дыяцэзіі.

Зараз “робіцца ўсё магчымае”, каб ужо ў жніўні пілігрымы маглі наведаць першы і другі паверх гэта будынку, дадаў іерарх. Упарадковаецца таксама тэрыторыя вакол дому. Ён стане часткай пілігрымковага маршруту, звязанага з жыццём Яна Паўла І ў Канале-д’Агарда, які ўжо ўключае музей Альбіна Лучані і парафіяльны касцёл, у якім ён быў ахрышчаны.

2 жніўня 2019 г. у Канале-д’Агарда пройдзе таксама прэзентацыя біяграфіі Яна Паўла І, якую напісала Стэфанія Фаласка, віцэ-пастулятар яго кананізацыйнага працэсу. Прадставіць выданне кардынал Бэньяміна Стэла, прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства і пастулятар кананізацыйнага працэсу Альбіна Лучані.

Кніга была напісана на падставе архіўных дакументаў, бібліяграфічнага даследавання, а таксама апытання 188 асобаў, якія былі блізка знаёмыя з Янам Паўлам І, сярод іх: Бэнэдыкт XVI, італьянскі урач Рэната Будзанэці, які канстатаваў смерць Папы, сястра Маргарыта Марын, якая першай паведаміла аб яго смерці.

Пантыфікат Яна Паўла І з’яўляецца адным з самых кароткіх у гісторыі: ён працягваўся ўсяго 33 дні – з 26 жніўня 1978 г. па 28 верасня 1978 г. 17 лістапада 2017 г. Францішак ухваліў дэкрэт Кангрэгацыі па справах кананізацыі аб прызнанні гераічнасці цнотаў Альбіна Лучані.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 ліпеня 2019, 10:20