Лагатып Сінода Біскупа па Панамазонскім рэгіёне. Ілюстрацыйнае фота Лагатып Сінода Біскупа па Панамазонскім рэгіёне. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад рэалізуе 138 праектаў у Лацінскай Амерыцы

138 праектаў у галіне развіцця будуць рэалізаваны Святым Пасадам у 17-ці краінах Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, распавёў падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Ініцыятывы на карысць карэнных народаў, афраамерыканскіх і сялянскіх супольнасцяў паўднёваамерыканскага рэгіёна будуць уключаюць меры па павелічэнні сельскагаспадарчай вытворчасці, рамеснай і камерцынай прадукцыі, стварэнне мікрапрадпрыемстваў і такіх важных інфраструктур, як сістэмы водазабеспячэння, каналізацыі і энергазабеспячэння, паляпшэнне сітуацыі ў галіне аховы здароўя і адукацыі, развіццё камунікацыйнай сферы.

“Гэта кропля ў моры, але яна кажа аб пастаяннай увазе Святога Айца да гэтай тэрыторыі і ўсёй Паўднёвай Амерыкі”, - заўважыў мансеньёр Сэгунда Тэхада Муньяс.

Рашэнне аб фінансаванні гуманітарных праектаў было прынята на штогадовым пасяджэнні кіраўнічай рады Папскага фонда “Populorum Progressio” для Лацінскай Амерыкі. Яно прайшло 24-26 чэрвеня 2019 г. у калумбійскай Багаце. Старшынстваваў на нарадзе кардынал Пітэр Тарксан, кіраўнік Фонда і прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Значная частка ініцыятыў будзе рэалізавана ў краінах Амазоніі. Менавіта гэтаму рэгіёну будзе прысвечана Спецыяльная Асамблея Сінода Біскупаў, якая з 6 па 27 кастрычніка 2019 г. пройдзе ў Ватыкане. Яе тэма: “Амазонія – новыя шляхі для Касцёла і для інтэгральнай экалогіі”.

За гады свайго існавання Папскі фонд “Populorum Progressio” для Лацінскай Амерыкі рэалізаваў у Панамазонскім рэгіёне 638 праектаў, галоўным чынам накіраваных на падтрымку індзейскіх народаў, метысаў і афраамерыканцаў. Усяго ў Лацінскай Амерыкі ім былі праведзены 4400 ініцыятыў гуманітарнага характару.

Фонд “Populorum progressio” быў заснаваны ў 1992 г. у рамках Папскай рады “Сor Unum”. Сёння каардынацыяй яго дзейнасці займаецца Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, заснаваная Францішкам 31 жніўня 2016 г. Сваю назву структура атрымала ад аднайменнай энцыклікі папы Паўла VI, апублікаванай у 1969 г., пасля падарожжа Пантыфіка ў краіны Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Індыю, якая стала адным з важных стаўпоў сацыяльнага вучэння Касцёла.

Навіна ў фармаце аўдыё
10 ліпеня 2019, 10:02