Кардынал Паралін падчас сустрэчы з прэм'ерам Косава Рамушам Харадзінаем Кардынал Паралін падчас сустрэчы з прэм'ерам Косава Рамушам Харадзінаем 

Ватыканскі Дзяржсакратар з візітам у Косава

Ватыканскі Дзяржсакратар узначаліў літургію Пяцідзясятніцы ў Косава. Кардынал Пьетра Паралін прыбыў туды на запрашэнне біскупа Прызрэнска-Прышцінскага Доды Гергі.

Іерарх узначаліў Эўхарыстыю ў нядаўна пабудаванай у Прышціне катэдры св. Маці Тэрэзы. У культурным цэнтры BogdaniPolis, які ўваходзіць у склад катэдральнага комплексу, ён сустрэўся з найвышэйшымі прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла. У другой палове дня ватыканскі госць адправіўся ў Прызрэн, дзе асвяціў катэдру Найсвяцейшай Панны Марыі пасля рэстаўрацыі. У гаміліі ён нагадаў словы св. Маці Тэрэзы, што пачуццё нелюбові і непажаданасці, з’яўляецца адной з найгоршых форм беднасці, якая закранае ў тым ліку і багатых.

10 чэрвеня 2019 г., у другі дзень візіту, кардынал Паралін сустрэўся з косаўскімі палітыкамі, Прэзідэнтам Хашымам Тачы, які двойчы наведваў Дзяржсакратара ў Ватыкане, і з прэм’ер-міністрам Рамушам Харадзінаем. Затым кардынал правёў сустрэчы з прадстаўнікамі духавенства, катэхетамі і свецкімі актывістамі Прызрэнска-Прышцінскай дыяцэзіі.

Кардынал Паралін падчас Эўхарыстыі ў Косава
Кардынал Паралін падчас Эўхарыстыі ў Косава

Візіт кардынала Параліна ў Косава меў душпастырскі характар і стаў знакам падтрымкі Святым Пасадам мясцовай каталіцкай супольнасці, якая мае глыбокія гістарычныя карані і жадае працягваць садзейнічаць узаемаразуменню паміж народамі і рэлігійнымі супольнасцямі, - гаворыцца ў спецыяльнай заяве.

Прызрэнска-Прышцінская дыяцэзія паўстала ў 2018 г. з Апостальскай адміністратуры, створанай у 2000 г. Колькасць католікаў краіне, паводле ацэнак, складае каля 60 тыс. Дзяржаўнасць Косава, якое абвясціла незалежнасць шляхам аддзялення ад Сербіі ў 2008 г., пакуль не прызнана Святым Пасадам.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 чэрвеня 2019, 12:23