Маці Божая Лурдская. Ілюстрацыйнае фота Маці Божая Лурдская. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак прызначыў дэлегата для санктуарыя ў Лурдзе

Папа прызначыў дэлегата “ad nutum Sactae Sedis” – непасрэдна падпарадкаванага Святому Пасаду, – для санктуарыя ў Лурдзе. Ім стаў дапаможным біскуп дыяцэзіі Ліль Антуан Эруар.

Аб гэтым абвясціў арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай Рады па новай евангелізацыі, якая займаецца пытаннямі каталіцкіх санктуарыяў.

Рашэнне наступіла пасля прызначэння папскага дэлегата для Меджугор’я, якім стаў у 2017 г. польскі арцыбіскуп Генрык Хосэр. Такім чынам Пантыфік дэманструе сваю заклапочанасць душпастырскім клопатам пра пілігрымаў. Ён жадае, каб цэнтры марыйнага культу ў большай ступені былі “месцамі хрысціянскай малітвы і сведчання, што адпавядае патрэбам народа Божага”. Аб гэтым напісаў сам Францішак у адмысловым лісце да біскупа Эруара.

Прызначэнне стала вынікам візітацыі, якую правёў арцыбіскуп Фізікела ў лурдскім санктуарыі ў якасці спецыяльнага папскага пасланніка.

Мандат біскупа Эруара, які захоўвае пасаду ў Лільскай архідыяцэзіі, абмяжоўваецца самім санктуарыем. Дыяцэзіяй Тарб і Лурд будзе па-ранейшаму кіраваць біскуп Нікаля Брувэ.

Па словах праграмнага дырэктара ватыканскіх СМІ Андрэя Тарніелі, Францішак звяртае асаблівую ўвагу на душпастырства ў санктуарыях, паколькі хоча, каб духоўныя пытанні мелі прыярытэт над адміністрацыйнымі і фінансавымі аспектамі. Таксама ён жадае падтрымаць народную пабожнасць, якая традыцыйна развіваецца пры санктуарыях.

У Лурд, месца аб’яўленняў Маці Божай у 1858 г., штогод прыбывае каля 6 мільёнаў пілігрымаў з усяго свету.

Навіна ў фармаце аўдыё
07 чэрвеня 2019, 11:33