Андрэа Тарніелі Андрэа Тарніелі  Калонка рэдактара

Ватыканскі медыя-эксперт пра дазвол на пілігрымкі ў Меджугор’е

Дазвол на арганізацыю пілігрымак у Меджугор’е – знак прызнання дабра, якое здзяйсняецца ў гэтай парафіі-санктуарыі, дзе мноства людзей прыступае да сакрамэнтаў, заўважыў галоўны рэдактар Vatican News.

У сваёй аўтарскай калонцы Андрэа Тарніелі спаслаўся на словы Папы з Апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium” пра тое, што “ў народнай пабожнасці можна заўважыць спосаб, паводле якога атрыманая вера ўвайшла ў нейкую культуру і пераказваецца далей”. Пантыфік таксама падкрэсліваў, што “сумеснае вандраванне да санктуарыяў і ўдзел у іншых праяўленнях народнай пабожнасці і заахвочванне да гэтага дзяцей або іншых асобаў само па сабе з’яўляецца актам евангелізацыі”, таму нельга абмяжоўваць ці кантраляваць “гэтую місійную сілу”

Паводле Тарніелі, пацвярджэннем таго, што наведванне Меджугор’я з’яўляецца для многіх людзей значным досведам веры, з’яўляюцца “доўгія чэргі да канфесіяналаў і начныя эўхарыстычныя адарацыі ў парафіяльным касцёле, дзе няма ніводнага квадратнага метру, на якім не стаялі бы на каленях вернікі”.

Медыя-эксперт спаслаўся таксама на інтэрв’ю, якое Францішак даў у 2013 г. айцу Алешандрэ Аві Мэло, цяперашняму сакратару Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. У ім Пантыфік казаў выказваў перакананасць у прысутнасці Божай ласкі ў Меджугор’е, дзе адбываецца “навяртанне вялікай колькасці людзей.” Папа заахвочваў асцярожна ставіцца да так званых сведкаў аб’яўленняў і памнажэння колькасці пасланняў і таямніцаў, але прызнаваў добрыя плёны пілігрымак, якія здзяйсняюцца ў гэта месца.

Узгаданае інтэрв’ю Францішка выйшла асобнай кнігай, у прадмове да якой, аргентынскі тэолаг Карлас Марыя Галі напісаў: “Для Францішка больш важнай з’яўляецца марыйная вера “святога вернага Божага народу”, які вучыць нас любіць Марыю далей на тэалагічныя разважанні. Будучы сынам і членам, як кожны іншы, Божага народу, Бэрголіа – Францішак – удзельнічае ў sensus fidei fidelium і суадносіць сябе з глыбокай марыйнай пабожнасцю хрысціянскага народа”.

“Менавіта па гэтай прычыне, працягваючы вывучэнне феномену Меджугор’е і не выказваючыся адносна сапраўднасці аб’яўленняў, Папа вырашыў паклапаціцца пра тых, хто вырашае ўзяць на сябе цяжкасці падарожжа і адпраўляецца памаліцца ў гэта месца. Па гэтай прычыне ён пажадаў, каб душпастырскім клопатам аб пілігрымах займаўся яго пастаянны легат, біскуп, які падпарадкоўваецца Святому Пасаду. І зноў, менавіта па гэтай прычыне, ён пастанаўляе ісці далей за тое, што Кангрэгацыя Веравучэння абвясціла больш за дваццаць гадоў таму, дазваляючы пілігрымкі ў Меджугор’е, але толькі ў “прыватнай форме”. Зараз жа дыяцэзіі і парафіі могуць арганізоўваць і праводзіць пілігрымкі, якія з’яўляюцца выразам марыйнай пабожнасці Божага народ”, - падкрэсліў Андрэа Тарніелі.

Аб рашэнні Францішка даць дазвол на арганізацыю паведамілі 12 мая 2019 г. Апостальскі візітатар парафіі арцыбіскуп Генрык Хосэр і Апостальскі нунцый у Босніі і Герцэгавіне Луіджы Пэцута.

Навіна ў фармаце аўдыё
13 мая 2019, 12:31