Удзельнікі падпісання дамовы аб рэстаўрацыі Удзельнікі падпісання дамовы аб рэстаўрацыі 

Экуменічная дамова аб рэстаўрацыі базылікі Святога Гробу

Каталіцкі Касцёл, Іерусалімская Праваслаўная Царква і Армянская Апостальская Царква дамовіліся аб правядзенні новай фазы рэстаўрацыі базылікі Святога Гробу Пана ў Іерусаліме.

27 мая 2019 г. адмысловую сумесную заяву зрабілі кусташ Святой Зямлі, айцец Франчэска Патон, Патрыярх Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы Тэафіл ІІІ і Іерусалімскі Патрыярх Армянскай Апостальскай Царквы Нурхан Манукян.

Рэстаўрацыя будзе накіравана на ліквідацыю вільготнасці ў фундаменце і абнаўленне падлогавага пакрыцця. Яна пройдзе ў два этапы – першы пачнецца ў верасні. Адразу пасля абследавання фундамента, спецыялісты пачнуць рамонтныя працы.

Рэстаўрацыя базылікі Святога Гробу Пана пачалася з 2016 г. з Кувукліі – месца, дзе быў пахаваны Езус. Падчас яе правядзення былі выяўлены сур’ёзныя праблемы з падлогай і фундаментам старажытнага храма, што падштурхнула хрысціянскія супольнасці, якім належаць правы на валоданне і выкарыстанне базылікі, заключыць новае пагадненне аб рэстаўрацыі.

Абследаванне будуць праводзіць два італьянскіх навуковых цэнтры, пад наглядам трох Цэркваў. Праект будзе фінансавацца за кошт ахвяраванняў дабрачынцаў. Апостальская Сталіца вылучыла на рэстаўрацыю базылікі 1,5 млн. долараў.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 мая 2019, 13:25