Папа Францішак і кардынал Пітэр Тарксан Папа Францішак і кардынал Пітэр Тарксан 

Ватыканскі кардынал на канферэнцыі ў Польшчы

Кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, наведае Польшчу. Ён прыме ўдзел у канферэнцыі з нагоды 100-годдзя аднаўлення незалежнасці гэтай краіны.

Сустрэча стане апошняй з цыклу агульнапольскіх навуковых дэбатаў, якія праходзілі ў рамках праекту “Polonia Restituta. Дэкалог для Польшчы ў 100-годдзе аднаўлення незалежнасці”. Яна пройдзе 29 красавіка 2019 г. у кракаўскай Акадэміі Ignatianum.

Ганаровы госць з Ватыкана выступіць з уступнай прамовай. Тэма яго дакладу: “Місія Касцёла ў сучаснай Еўропе і яго бачанне Еўропы”.

У форуме прымуць удзел шматлікія выбітныя еўрапейскія навукоўцы, сярод якіх прафесар Нікіта Хэрвіч, прадстаўнік амерыканскага Універсітэта Дзьюка, брытанскай Лонданскай школы эканомікі і палітычных навук і французскай Практычнай школы вышэйшых даследванняў. З дакладам выступіць прафесар Рока Д’Амброзіа з факультэта грамадскіх навук Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме.

У рамках сустрэчы адбудзецца дыскусія на тэму “Польшча ў Еўропе і Еўропа вачыма Каталіцкага Касцёла”. У ёй возьмуць удзел кардынал Станіслаў Дзівіш, арцыбіскуп Кракаўскі на пенсіі; арцыбіскуп Рыжскі на пенсіі Збігнеў Станкевіч; арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі, Мітрапаліт Познаньскі і старшыня Канферэнцыі Біскупаў Польшчы, а таксама іншыя іерархі.

У рамках праекту “Polonia Restituta. Дэкалог для Польшчы ў 100-годдзе аднаўлення незалежнасці” адбылося дзевяць навуковых канферэнцый, прысвечаных такім тэмам як сям’я, праца, прадпрымальніцтва і рынкавая эканоміка, свабода, суверэнітэт і вяршэнства закону, экалогія, грамадская салідарнасць і ўстойлівае развіццё, годнасць і справядлівасць, Еўропа і аб’яднанне, культура і тоеснасць, а таксама асоба, яе правы і абавязкі.

Арганізатары форума: кракаўскія Акадэмія Ignatianum і Папскі ўніверсітэт імя Яна Паўла ІІ, а таксама Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт імя Яна Паўла ІІ.

Навіна ў фармаце аўдыё
23 красавіка 2019, 11:13