Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 

Касцёл у Беларусі стаіць на абароне хрысціянскіх каштоўнасцей

Касцёл Беларусі адстойваў і будзе адстойваць хрысціянскія каштоўнасці. Аб гэтым 16 красавіка 2019 г. на перадвелікоднай прэс-канференцыі заявіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Гаворка ішла пра праекты законаў аб хатнім гвалце і бясплатнай першай спробе штучнага апладнення. Католікі не падтрымалі гэтыя ініцыятывы па той прычыне, патлумачыў іерарх, што ні ЭКА, ні ідэалогія гендара не адпавядаюць сацыяльнаму вучэнню Касцёла і вучэнню Евангелля. “Нам казалі, што спроба ЭКА дапаможа вырашыць дэмаграфічную праблему, што можа з’явіцца ад 1,5 тыс. да 2 тыс. дзяцей. Але што гэта ў параўнанні з 25 тыс. абортаў? Што? Аб гэтым чамусьці ніхто не казаў”, - заўважыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Выключна думкамі пра абарону галоўнага хрысціянскага сімвалу карыстаецца Касцёл і ў сваіх закліках па пытанні Курапатаў, падкрэсліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Нехта рабіў спробу “палітызаваць” звароты іерарха да грамадскасці, але гэтага рабіць нельга. “Аборты, разводы, ідэалогія гендар, знявага крыжоў – гэта супярэчыць хрысціянскім нормам. Гэта не палітыка, як некаторыя хочуць прадставіць. Дарэчы, сацыяльнае вучэнне Праваслаўнай Царквы ў гэтых пытаннях падобнае, нават, больш вострае. Я – грамадзянін Беларусі, я нарадзіўся тут. Бацькаўшчыну не выбіраюць, я служу сваёй Бацькаўшчыне, якой з’яўляецца Беларусь”, - падкрэсліў іерарх.

Кажучы пра надыходзячы Вялікдзень, арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што прамая трансляцыя літургіі Пасхальнай Вігіліі будзе весціся Першым каналам і каналам Беларусь 24 з Брэста. Гэта сімвалічна – горад сёлета адзначае 1000-годдзе.

Што тычыцца падзей года, галоўнае летняе свята – у гонар Будслаўскай Маці Божай – адбудзецца 5-6 ліпеня.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 красавіка 2019, 14:11