Лагатып візіту Папы ў Румынію Лагатып візіту Папы ў Румынію 

Перад візітам Францішка ў Румынію

Праз 20 гадоў пасля візіту св. Яна Паўла ІІ у Румыніі, краіну наведае Францішак. Па словах арцыбіскупа Бухарэста Ёана Робу, гэта стане своеасаблівым дапаўненнем той пілігрымкі.

Румынскі іерарх нагадаў, што папскі маршрут пралягае праз чатыры гарады: Бухарэст, Ясы, Блаж і Сумулеу-Чук. Францішак сустрэнецца, у прыватнасці, з праваслаўным Патрыярхам Даніілам. У бягучы час, як прызнаўся арцыбіскуп Робу, у экуменічных адносінах сітуацыя не настолькі спрыяльная, як у часы Патрыярха Феактыста. Фундаменталісцкія элементы сёння робяць шмат шуму. Яны больш чутныя, чым галасы спакою. Сярод простых вернікаў, аднак, пануе атмасфера сяброўства і блізкасці.

Арцыбіскуп Бухарэста выказаў надзею, што візіт стане крыніцай благаслаўлення для Румыніі, паспрыяе міру і згодзе. У пераважна праваслаўнай краіне Пантыфік будзе знаходзіцца з 31 мая па 2 чэрвеня.

Навіна ў фармаце аўдыё
18 сакавіка 2019, 11:28