Кардынал Джордж Пэл Кардынал Джордж Пэл 

Кардынал Пэл прызнаны вінаватым у сексуальных злоўжываннях

Кардынал Джордж Пэл быў прызнаны вінаватым у сексуальных злоўжываннях у адносінах да непаўналетніх. Іерарх настойвае на сваёй невінаватасці, а яго адвакат рыхтуе апеляцыю.

11 снежня 2018 г. Суд прысяжных аўстралійскага штата Вікторыя адзінагалосна прызнаў 77-гадовага прэфекта Сакратарыяту па эканамічных пытаннях вінаватым у гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару ў адносінах да двух непаўналетніх асоб. Падзеі тычацца 1990-х гг., калі ён быў дапаможным біскупам Мельбурнскай дыяцэзіі.

Дагэтуль аб рашэнні суда не паведамлялася па юрыдычных прычынах. 27 лютага 2019 г. распачнецца пасяджэнне, вынікам якога павінна стаць абвяшчэнне прысуду. Адвакат кардынала заявіў аб намеры падаць апеляцыю. Гэта значыць, што рашэнне суда яшчэ не мае канчатковага характару.

У 2014 г. кардынал Джордж Пэл быў упершыню пакліканы адказаць на пытанні Аўстралійскай каралеўскай камісіі па расследаванні сексуальных злоўжыванняў супраць непаўналетніх у якасці сведкі. Ён абвінавачваўся ва ўтойванні фактаў сексуальных злачынстваў прадстаўнікоў духавенства, якія мелі месца ў 1970-я гг. у дыяцэзіі Баларат. У ходзе адмысловай відэа-канферэнцыі, іерарх рашуча заявіў, што не ведаў аб гэтых злоўжываннях.

У 2017 г. супраць кардынала былі выстаўлены афіцыйныя абвінавачванні ў сексуальных злоўжываннях супраць непаўналетняй асобы. Іерарх пакінуў Ватыкан і накіраваўся ў Аўстралію, каб з’явіцца перад судом. Ён заўсёды падкрэсліваў, што з’яўляецца невінаватым і мае намер даказаць гэта.

У 2018 г. судовае разбіральніцтва супраць кардынала Пэла праводзілася двойчы. Абвінавачванні ў сексуальных злоўжываннях, высунутыя супраць іерарха на першым працэсе, былі адхілены судом. Па гэтай прычыне працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Кардынал Джордж Пэл на працягу дзесяцігоддзяў адкрыта і неаднаразова асуджаў злоўжыванні супраць непаўналетніх. Ён актыўна супрацоўнічаў з аўстралійскімі ўладамі і праваахоўнымі органамі ў расследаванні справы. Іерарх таксама падтрымаў стварэнне Папскай камісіі па абароне непаўналетніх і паспрыяў увядзенню ў Касцёле ў Аўстраліі сістэмы і працэдур для абароны непаўналетніх і аказання дапамогі ахвярам злоўжыванняў.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 лютага 2019, 12:06