Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Іерархі дзеляцца бачаннем сітуацыі са злоўжываннямі ў Касцёле

Перад ватыканскім самітам па абароне непаўналетніх іерархі дзеляцца сваім бачаннем сітуацыі. Амерыканскі арцыбіскуп Чарльз Шап’ю лічыць, што праблема ў наступствах сексуальнай рэвалюцыі.

“Чым больш Касцёл атаясамліваецца з нейкай культурай, тым больш яе праблем пранікае ў яго місію”, - падкрэсліў арцыбіскуп Філадэльфіі і старшыня камісіі епіскапату ЗША па справах свецкіх, сужэнства, сям’і і моладзі.

Сексуальная рэвалюцыя змяніла нашу культуру, і ніхто, нават духавенства, не вольны ад наступстваў гэтых змен, заўважыў арцыбіскуп Шап’ю, каментуючы прычыны цяперашняга крызісу ў Касцёле. На яго думку, было б неразумна думаць, што Касцёл мае імунітэт да дысфункцыі грамадства, у якім выконвае сваё служэнне.

Каментуючы тэму злоўжыванняў, якой будзе прысвечана ватыканская сустрэча, іерарх прызнаўся, што вельмі нешматлікія з вядомых яму бацькоў думаюць, што праблема звязана з клерыкалізмам і злоўжываннем уладай. Гэтыя фактары могуць адыгрываць пэўную ролю, але ў большасці выпадкаў, якія мы ведаем, асноўным фактарам быў агрэсіўны гомасексуалізм, і свецкія вернікі ведаюць пра гэта.

“Ігнараванне і грэбаванне гэтымі фактамі можа звесці на нішто сённяшнія намаганні па ачышчэнні Касцёла”

, - заўважыў арцыбіскуп Філадэльфіі.

Амерыканскі іерарх выказаў перакананне, што біскупы павінны адказваць за свае дзеянні адносна злоўжыванняў, а свецкія вернікі павінны адыгрываць большую ролю ў барацьбе з гэтым бедствам.

Таксама нямецкі кардынал Герхард Людвіг Мюлер, былы прэфект Кангрэгацыі Веравучэння адзначыў, што мільёны такіх выпадкаў знаходзяцца па-за Касцёлам, таму не існуе ніякага пацвярджэння таму, што яны маюць нешта агульнае з клерыкалізмам. Корань праблемы, паводле яго, у “распусным характары злачынцы”, і гэта не мае ніякага дачынення да яго служэння.

Іерарх таксама паўтарыў сваё перакананне пра ўзаемасувязь паміж сексуальным гвалтам і гомасексуалізмам. Ён спаслаўся на статыстыку Кангрэгацыі Веравучэння, якая паказвае, што больш чым на 80% ахвяр такіх выпадкаў – гэта людзі мужчынскага полу ва ўзросце да 18 гадоў.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 лютага 2019, 12:29