Кс. Леанард Адушкевіч Кс. Леанард Адушкевіч 

Тыдзень малітаў аб еднасці хрысціян у Гомелі пачалі чуваннем

“Калі ўвесь горад будзе спаць, мы будзем чуваць у малітве разам з Езусам” – пад такім дэвізам у гомельскай рыма-каталіцкай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прайло начное чуванне.

Малітоўная акцыя распачалася ў першы дзень Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян і працягвалася ўсю ноч да раніцы 19 студзеня. Месцам яе правядзення стала капліца, якая дзейнічае на месцы будоўлі новага касцёла.

Св. Імшу на пачатак чування цэлебраваў біскуп Казімір Велікаселец. Затым прайшла адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой вернікі маліліся Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. Таксама прагучалі духоўныя разважанні, спевы. Кожны з прысутных меў магчымасць памаліцца ў цішыні, паспавядацца і паразмаўляць са святаром.

Як паведаміў Беларускай службе Vatican News пробашч парафіі, а. Леанард Адушкевіч, арганізаваць начное чуванне яму прапанавала моладзь. Праграму малітоўнай ночы маладыя людзі таксама складалі самастойна.

“Калі моладзь прыйшла да мяне і папрасіла арганізаваць гэтае чуванне, я адразу пачуў у гэтым голас Божы, каб менавіта такім чынам распачаць першы дзень малітваў аб еднасці хрысціян. Сам Езус маліўся, каб мы былі адно. І тое, што Касцёл быў падзелены, гэта вельмі нядобра. Мы верым у таго самага Бога, у тое, што нябачны, духоўны Касцёл – адзіны, але зямны Касцёл мы падзялілі на розныя канфесіі”, - падкрэсліў святар.

Ініцыятар малітоўнай акцыі, маладая верніца Вольга Клюй, прызнаецца, што начное чуванне – асабліва блізкая для яе форма малітвы:

“Часта, калі я чытала Евангелле пра малітву Езуса ў садзе Аліўным, мне было неяк няёмка за гэтых вучнях, якія заснулі, і мне здавалася, што калі б я была на іх месцы, то абавязкова вытрывала б і жадала маліцца з Езусам. Таму гэты фармат – начное чуванне – маленькая магчымасць трываць з Езусам”.

Акрамя малітвы аб еднасці хрысцяін, гомельскія католікі асабліва прасілі Бога за справу будаўніцтва новага храма і развіццё маладой парафіі.

Навіна ў фармаце аўдыё

Photogallery

Фотарэпартаж з малітоўнага чування ў Гомелі
19 студзеня 2019, 10:29