Пошук

Vatican News
Папа Францішак Папа Францішак 

Папа скіраваў відэапасланне да Копцкай Праваслаўнай Царквы

Папа скіраваў відэапасланне да вернікаў Копцкай Праваслаўнай Царквы з нагоды Божага Нараджэння і асвячэння катэдральнага сабора ў новай егіпецкай сталіцы, якая будуецца ў 40 км на ўсход ад Каіра.

Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў Патрыярх Тавадрас ІІ. У ёй прымаў удзел Прэзідэнт Егіпта Абдул Фатах ас-Сісі.

“З радасцю вітаю ўсіх вас у гэты святочны момант асвячэння новага катэдральнага сабора Раства Хрыстовага, пабудаванага ў новай адміністратыўнай сталіцы. Няхай Князь супакою благаславіць Егіпет, Бліжні Усход і ўвесь свет дарам міру і росквіту. Асаблівым чынам вітаю майго дарагога сябра Яго Святасць Папу Тавадраса ІІ і ўмілаваную Копцкую Праваслаўную Царкву, якая здолела даць сапраўднае сведчанне веры і любові таксама ў самыя цёмныя моманты. Дарагія браты і сёстры, вы маеце мучанікаў, якія ўмацоўваюць вашу веру. Дзякуй за ваш прыклад”, - сказаў Францішак.

Асвячэнне новага катэдральнага сабора Копцкай Праваслаўнай Царквы адбылося ў атмасферы напружанасці і павышаных мер бяспекі. Напярэдадні Божага Нараджэння па юліянскім календары егіпецкія службы правапарадку прадухілілі спробу тэракта ў адной з каірскіх копцкіх цэркваў.

Відэапасланне Папы да Копцкай Праваслаўнай Царквы
07 студзеня 2019, 09:18