Прэс-цэнтр Сусветных дзён моладзі ў Панаме Прэс-цэнтр Сусветных дзён моладзі ў Панаме 

#Panama2019: 2,5 тыс. журналістаў і афіцыйныя хэштэгі

2,5 тыс. журналістаў і іншых работнікаў СМІ з усяго свету атрымалі акрэдытацыю на Сусветныя дні моладзі ў Панаме. Месцам іх працы будзе прэс-цэнтр, размешчаны ў Кангрэс-холе “Atlapa”.

Там усталявалі 300 сталоў, за кожным з якіх можа працаваць некалькі асоб. Яны абсталяваны электрычнымі разеткамі і доступам у Інтэрнэт. Ёсць і асобныя мантажныя кабіны для тэле- і радыёжурналістаў, кафетэрый і капліца. На вялікіх экранах будуць трансліраваць падзеі Сусветных дзён. У прэс-цэнтры прадугледжаны таксама асобныя пакоі, дзе можна запісаць інтэрв’ю. З 21 па 27 студзеня 2019 г. ён будзе адкрыты нон-стоп.

Інаўгурацыя прэс-цэнтра адбылося 17 студзеня. Прысутны на ёй намеснік міністра замежных спраў Панамы Луіс Мігель Інкап’е сказаў, што моладзевы форум, гэта падзея не толькі панамская, але і цэнтральнаамерыканская. Менавіта таму сюды атрымалі запрашэнне прэзідэнты краін рэгіёна. Па словах палітыка, свой удзел у заключнай Эўхарыстыі Сусветных дзён моладзі ўжо пацвердзілі кіраўнікі Гватэмалы, Гандураса, Сальвадора, Коста-Рыкі і Калумбіі. Да іх далучыцца і лідар Партугаліі.

Арцыбіскуп Панамы Хасэ Дамінга Ульёа паведаміў, што, хоць пра ўдзел у галоўных падзеях форума 22-27 студзеня заявілі 220 тыс. чалавек, увесь працэс рэгістрацыі пакуль прайшлі толькі 100 тыс.

Арганізатары 34-ых Сусветных дзён моладзі прапанавалі журналістам серыю хэштэгаў, якія дапамогуць адсочваць падзеі на Facebook, Instagram і Twitter. Гэта тычыцца і візіту Францішка ў Панаме. Тры асноўных хэштэгі СДМ-2019: #Panama2019, #FranciscoEnPanama і #WYDisHere.

“Мы стварылі іх карыстаючыся вопытам Рыа-дэ-Жанейра ў 2013 г. і Кракава ў 2016 г.”, - прызнаўся Густава Х’югэнін, адказны за сацыяльныя медыя падчас Сусветных дзён у Кракаве, які працуе ў Панаме ў якасці валанцёра.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 студзеня 2019, 12:40