Моладзь у "“Парку Хрыстанаўтаў” Моладзь у "“Парку Хрыстанаўтаў” 

Да адкрыцця СДМ 2019: новая лінія метро і “Парк Хрыстанаўтаў”

У Панаме 22 студзеня 2019 г. афіцыйна адкрываюцца Сусветныя дні моладзі. Арганізатары форума падрыхтавалі для ўдзельнікаў сапраўдныя сюрпрызы: новую лінію метро і “Парк Хрыстанаўтаў”.

Метрабудаўцы прымеркавалі адкрыццё новага маршруту падземкі спецыяльна да моладзевай сустрэчы, каб ім маглі скарыстацца пілігрымы з усяго свету. Гэта другая лінія метро ў панамскай сталіцы. Яна спалучыла цэнтр горада з міжнародным аэрапортам Токумэн. У цяперашні час дзейнічае пяць станцый. Да 28 студзеня праезд 2-й лініяй будзе бясплатным.

Падчас інаўгурацыі новай веткі, Прэзідэнт Панамы, Хуан Карлас Варэла адзначыў, што, хоць яна яшчэ не цалкам гатовая, была здадзена ў эксплуатацыю адмыслова да Сусветных дзён. У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел арцыбіскуп Панамы Хасэ Дамінга Ульёа.

Той жа іерарх адкрыў 19 студзеня 2019 г. тэматычны Парк Хрыстанаўтаў. Тут, дзякуючы віртуальнай рэальнасці, можна акунуцца ў рэалій біблійных часоў. Аўтары ініцыятывы кіраваліся ідэяй евангелізацыі з дапамогай новых тэхналогій.

У тэматычным парку тэхналогія стане на службе Евангелля з дапамогай, між іншым, дапоўненай рэальнасці, галаграфічных экранаў, беспілотных лятальных апаратаў, GPS, 360-градуснага відэа, вэб-трансляцыі...

Уваход у парк прысвечаны Звеставанню: госці становяцца сведкамі дыялогу Арханёла з Марыяй. У першай зале адбываецца заклік Святога Духа, чытанне Бібліі, каментарый да яе і медытацыя. Другая зала прысвечана асабістай малітве ў цішыні і спеву ў стылі караоке. У адной з наступных зал прагучыць заклік да рэалізацыі адной са спраў міласэрнасці, прадстаўленай на атрыманай наведвальнікам фатаграфіі.

Візіт, які працягваецца каля гадзіны, павінен заахвоціць маладога чалавека да рэфлексіі, малітвы і дзеяння ў стылі Lectio Divina – малітоўнага чытання Бібліі.

Хрыстанаўтаў чакаюць у парку культуры і адпачынку Амара ў сталіцы Панамы. Таксама тут будзе магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Прастора стане месцам для канцэртаў і выставак.

Навіна ў фармаце аўдыё
22 студзеня 2019, 11:49