Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У 2018-м Касцёл атрымаў сем новых святых

У 2018 г. Касцёл атрымаў сем новых святых. Адзіная ў гэтым годзе кананізацыя прайшла 14 кастрычніка 2018 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Акрамя таго ў розных частках свету адбылося 19 беатыфікацый.

Святымі сёлета былі абвешчаны папа Павел VI; арцыбіскуп Сан-Сальвадора Оскар Арнульфо Рамэра-і-Гальдамес; кс. Франчэско Спінэлі, італьянскі дыяцэзіяльны святар, заснавальнік інстытута Сясцёр адаратарак Найсвяцейшага Сакрамэнту; кс. Вінчэнца Рамана, італьянскі дыяцэзіяльны святар; Марыя Катарына Каспер, нямецкая законніца, заснавальніца інстытута Бедных служак Езуса Хрыста; Назарыя Ігнасія ад святой Тэрэзы ад Езуса, іспанская законніца, заснавальніца кангрэгацыі Сясцёр місіянерак “Cruzadas de la Iglesia”, а таксама малады рабочы з Італіі Нунцыё Сульпрыцыё.

Варта нагадаць, што ў гэтым годзе была абнародавана Апостальская адгартацыя Францішка “Gaudete et exultate”, прысвечаная пакліканню да святасці ў сучасным свеце. У ёй Папа нагадаў, што імкненне да святасці павінна тычыцца кожнага чалавека без выключэння.

“Я люблю глядзець на святасць у цярплівым Божым народзе: на тых бацькоў, якія з вялікай любоўю выхоўваюць сваіх дзяцей, на мужчын і жанчын, якія працуюць, каб зарабіць на хлеб, на хворых, на састарэлых законніц, якія працягваюць усміхацца. У гэтай вытрываласці, каб ісці наперад, дзень за днём, я бачу святасць ваяўнічага Касцёла. Часта гэта святасць “па суседству” – святасць асобаў, якія жывуць побач з намі і з’яўляюцца адлюстраваннем прысутнасці Бога, або, выкарыстоўваючы іншы тэрмін, гэта “сярэдні клас святасці”, - напісаў Францішак.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 снежня 2018, 14:36