Папа Францішак Папа Францішак 

Францішка чакаюць у Балгарыі і Македоніі

Паведамленне аб візіце Францішка ў Балгарыю і Былую Югаслаўскую Рэспубліку Македонія было прынята каталіцкімі супольнасцямі гэтых краін з вялікай радасцю.

Канферэнцыя Біскупаў Балгарыі выказала пажаданне, каб візіт Святога Айца прынёс шмат Божых ласкаў мясцовым вернікам і ўсім грамадзянам гэтай балканскай краіны, каб дапамог ёй надалей заставацца месцам талерантнасці і ўмацавання міру ў рэгіёне.

Балгарскія біскупы заклікалі да малітвы ў інтэнцыі добрай падрыхтоўкі да візіту Пантыфіка. Каментуючы дэвіз падарожжа – “Мір на зямлі”, – іерархі нагадалі, што мір залежыць ад канкрэтных намаганняў кожнага чалавека, а таксама можа стаць плёнам іх малітвы.

Біскуп Кіра Стаянаў, пастыр дыяцэзіі Скоп’е і Македонскай грэкакаталіцкай Царквы, падкрэсліў, што візіт Папы ў родны горад Маці Тэрэзы з’яўляецца вельмі сімвалічным. “Словы Папы будуць стымулам для патрэбнага духоўнага абнаўлення нашага грамадства, каб, як грамадзяне і вернікі, мы разумелі сваю адказнасць за будаванне міру і светлай будучыні для прадстаўнікоў усіх веравызнанняў і народаў у Македоніі”. Іерарх заклікаў маліцца за гэта “вельмі чаканае падарожжа Францішка, безумоўнага маральнага аўтарытэта ў сучасным свеце”.

Прымаючы запрашэнне палітычных уладаў Рэспублік і кіраўніцтва Каталіцкага Касцёла, Святы Айцец 5-7 мая 2019 г. будзе знаходзіцца ў Балгарыі, дзе наведае гарады Сафія і Ракаўскі, а 7 мая 2019 г. ён правядзе ў горадзе Скоп’е ў Былой Югаслаўскай Рэспубліцы Македонія.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 снежня 2018, 11:01