Кардынал Паралін падчас візіту ў іракскім горадзе Бахдзіда Кардынал Паралін падчас візіту ў іракскім горадзе Бахдзіда 

Кардынал Паралін у Іраку: прабачэнне – гэта аснова прымірэння

“Прабачэнне набліжае чалавека да Бога. Праз прабачэнне мы перамагаем зло дабром, перамяняем нянавісць у любоў і такім чынам робім свет больш чыстым”, - упэўнены кардынал Пьетра Паралін.

28 снежня 2018 г., у свята святых Немаўлят, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, які ў гэтыя дні прабывае з візітам у Іраку, узначаліў св. Імшу ў горадзе Бахдзіда.

Звяртаючыся ў гаміліі да жыхароў гэтага краю, пазначанага войнамі і падзеламі, пурпурат запэўніў, што “у Божым плане збаўлення іх ахвяры не застануцца бясплённымі, як не засталося марным сведчанне мноства мучанікаў, якія з першых стагоддзяў хрысціянства акрапілі сваёй крывёю гэтую зямлю, пражываючы веру гераічна і вельмі глыбока”.

“Сузіранне міласэрнай любові Бога, Які стаў чалавекам дзеля нас, штогод запрашае нас даць лагічны адказ, ідучы за шматлікімі паслядоўнікамі Хрыста”, і гэты адказ, па словах бліжэйшага супрацоўніка Папы, палягае на прабачэнні.

“[Прабачэнне набліжае чалавека да Бога. Праз прабачэнне мы перамагаем зло дабром, перамяняем нянавісць у любоў і такім чынам робім свет больш чыстым]”

, - працягнуў кардынал Паралін.

“Вы з’яўляецеся экспертамі прабачэння. Усведамленне таго, што многія з вас прабачылі тым, хто ўчыніў вам зло, вельмі кранае”, - сказаў ён і пажадаў, каб “зведаныя боль і насілле не ператварыліся ў злапамятнасць”.

“Прабачэнне – гэта аснова прымірэння”, - сцвердзіў кардынал Дзяржсакратар і падкрэсліў, што жыхары гэтага спакутаванага рэгіёну “пакліканы рабіць свой дзейсны ўнёсак не толькі ў жыццё Касцёла, але і ўсяго грамадства, з’яўляючыся творцамі прымірэння і супакою, сведкамі любові і прабачэння, крыніцай дабра і благаслаўлення для ўсіх”.

Як Святая Сям’я вярнулася ў Назарэт пасля перыяду выпрабаванняў, так і жыхары Бахдзіды і іншых вёсак Ніневійскай раўніны пачынаюць вяртацца з выгнання, і ў гэтым – “крыніца радасці і надзеі для паўсюднага Касцёла” і для самаго Ірака, заўважыў пурпурат.

Тым не менш, якой бы складанай ні была матэрыяльная рэканструкцыя жыцця, больш “цярністымі” кардынал Паралін назваў аднаўленне даверу, адбудову сацыяльнага жыцця, “параненага здрадамі, злапамятнасцю і нянавісцю”. Таму галоўнай місіяй мясцовых жыхароў кардынал Паралін назваў трыванне ў вернасці сваім караням і будаўніцтва лепшай будучыні для сваіх дзяцей.

“Смялей, не бойцеся! Уставайце і пачынайце нанова вашае жыццё, таму што зло не мае апошняга слова ў вашым лёсе і вашай будучыні на гэтай гістарычнай зямлі вашых айцоў”, - заклікаў іракскіх вернікаў кардынал Пьетра Паралін і пажадаў ім дароў еднасці, прымірэння і супакою.

Навіна ў фармаце аўдыё
28 снежня 2018, 14:38