Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа ўхваліў удзел кляўзуровых манахінь у рымскім форуме

21 лістапада ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Дзень кантэмпляцыйнага жыцця. З гэтай нагоды ў Рыме адбудзецца канферэнцыя, у якой прымуць удзел нават кляўзуровыя манахіні.

Сёлетні Дзень кантэмпляцыйнага жыцця мае асаблівае значэнне, таму што будзе адзначацца пасля абнародавання Апостальскай канстытуцыі Францішка “Vultum Dei Quaerere” і інструкцыі да гэтага дакумента “Cor Orans”, якую распрацавала Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. У іх зацверджаны некаторыя новаўвядзенні ў кляўзуровае жыццё, а таксама падкрэсліваецца яго каштоўнасць для Касцёла і свету.

Гэтым дакументам будзе прысвечана канферэнцыя, якая 21 лістапада 2018 г. пройдзе ў Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме. Каб падкрэсліць важнасць падзеі, Святы Айцец даў спецыяльны дазвол на ўдзел у ёй кляўзуровым манахіням. Чакаецца, што на форум прыбудзе каля 300 законніц з розных краін свету.

У праграме канферэнцыі: даклады, сведчанні, дыскусіі, час для святкавання і падзякі за дар кантэмпляцыйнага жыцця. Да ўдзельнікаў звернуцца: кардынал Жоао Брас Дэ Авіс, прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця; арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё, сакратар узгаданай дыкастэрыі; прафесар Вінчэнца Буонуома, рэктар Папскага латэранскага ўніверсітэта, прадстаўніцы манаскіх супольнасцей і арганізацый.

На завяршэнне форума, у базыліцы св. Яна на Латэране пройдзе ўрачыстая св. Імша, якую ўзначаліць кардынал Дэ Авіс.

Дзень кантэмпляцыйнага жыцця быў устаноўлены ў 1954 г. Піем ХІІ, каб заахвоціць увесь Касцёл да малітвы за законнікаў і законніц, якія прысвячаюць сябе гэтаму асабліваму служэнню. Дзень адзначаецца ў літургічны ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 лістапада 2018, 12:47