Лагатып Юбілейнага года св. Жана-Батыста Сальскага Лагатып Юбілейнага года св. Жана-Батыста Сальскага 

Папа абвясціў Юбілейны год св. Жана Батыста Сальскага

Папа аб’явіў аб правядзенні Юбілейнага года св. Жана Батыста Сальскага –французскага святара і педагога, 300-годдзе з дня смерці якога будзе адзначацца ў 2019 г.

На працягу Юбілейнага года, з 17 лістапада 2018 г. па 31 лістапада 2019 г., вернікі будуць мець магчымасць атрымаць поўны адпуст.

Для гэтага неабходна выканаць наступныя ўмовы: шчыра прыступіць да сакрамэнту споведзі; здзейсніць пілігрымку ў санктуарый св. Жана Батыста Сальскага ў Рыме ці ў адно з месцаў, звязаных з яго жыццём, сярод якіх Рэймс, Парыж, Пармэні, або наведаць храм, у якім знаходзіцца алтар, рэліквіі, статуя ці абраз святога.

Падчас наведвання такога месца трэба прыняць удзел у св. Імшы або ў Ютрані, Нешпарах, Крыжовым шляху, ружанцовым набажэнстве, адарацыі ці правясці прыватную малітву, завяршаючы яе “Ойча наш...”, “Вітай Марыя...” і “Веру ў Бога...”

Неабходна таксама памаліцца ў інтэнцыях Папы і зрабіць учынак міласэрнасці. Гэта можа быць дапамога дзецям ці моладзі ў іх матэрыяльных, адукацыйных ці духоўных патрэбах, што будзе адпавядаць духоўнасці св. Жана Батыста і выражаць навяртанне сэрца.

Жан Батыст Сальскі жыў на мяжы XVII-XVIII стст. У сваім душпастырстве ён асабліва ўважліва ставіўся да дзяцей і моладзі. Па ініцыятыве будучага святога адкрываліся нядзельныя школы, рамесныя вучэльні, школы-інтэрнаты для бяздомных. Ён лічыцца адным з заснавальнікаў сучаснай адукацыйнай сістэмы і з’яўляецца нябесным апекуном хрысціянскіх педагогаў.

Заснаваная св. Жанам Батыстам законная супольнасць Братоў Хрысціянскіх Школ (т. зв. “Школьныя браты”) працягвае рэалізаваць яго ідэалы.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 лістапада 2018, 13:07