Cerca

Vatican News
Абрад кананізацыі на плошчы св. Пятра Абрад кананізацыі на плошчы св. Пятра  (AFP or licensors)

Ватыканская газета ўзгадвае мучаніц з Навагрудка

Хрысціян, якія ахвярна супрацьстаялі нацызму і былі забітыя за гэта, узгадвае ватыканская газета “L’Osservatore Romano”. У артыкуле гаворыцца і пра сясцёр назарэтанак з Навагрудка.

Паводле аўтара, каталіцкага журналіста Анджэла Паолуцы, і праз 75 гадоў стаўленне гэтых асоб выклікае захапленне. Ён называе “сярод тысяч забітых у 1943 г. польскіх святароў, законнікаў і свецкіх” Зыгмунта Пісарскага, Юрыя Кашыру, Германа Караля Стэмпеня, Ахілеса Пухалу і сястру Марыю Сташэўскую. Многія з іх былі беатыфікаваныя і кананізаваныя Янам Паўлам II.

Гаворыцца пра аўстрыйца Франца Егерштэтэра, абвешчанага благаслаўлёным у 2007 г., якога нацысты пакаралі смерцю за адмову ад вайсковай службы. Акрамя таго, ватыканская газета нагадвае пра Якаба Гапа: святар пратэставаў супраць далучэння Аўстрыі да Германіі, збег у Францыю, там быў арыштаваны гестапа і загінуў у Берліне.

Паолуцы згадвае таксама немца, кс. Бернарда Ліхтэнберга, пробашча катэдры ў Берліне, які выступіў супраць пераследу яўрэяў і нацысцкай праграмы па эўтаназіі. Журналіст піша і пра “Любэкскіх мучанікаў”, сярод іх лютэранскі пастар Карл Фрыдрых Штэлбрынк, пра членаў студэнцкай групы супраціву “Белая ружа”, у якую ўваходзіў праваслаўны святар Аляксандр Шморэль.

“L’Osservatore” згадвае і 11 законніц з Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта, расстраляных нацыстамі каля Навагрудка 1 жніўня 1943 г. Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і прысуджаных да расстрэлу. Усе гэтыя людзі пасля перажылі вайну. Назарэтанкі былі беатыфікаваны Янам Паўлам ІІ у 2000 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 лістапада 2018, 12:13