Пошук

Св. Хасэмарыя Эксрыва выступае перад студэнтамі Св. Хасэмарыя Эксрыва выступае перад студэнтамі 

“Opus Dei” святкуе 90-годдзе

2 кастрычніка 2018 г. споўнілася 90 гадоў Прэлатуры Святога Крыжа і “Opus Dei” – каталіцкай арганізацыі, якую заснаваў у 1928 г. іспанскі святар, св. Хасэмарыя Эскрыва.

“Opus Dei” дзейнічае ў 80 краінах свету і налічвае ў сваіх шэрагах больш за 90 тыс. чалавек. Пераважную большасць яе членаў – амаль 98% – складаюць свецкія вернікі, якія, жывучы паводле вучэння Каталіцкага Касцёла, імкнуцца да святасці праз сумленнае выкананне сваіх штодзённых, сямейных і прафесійных абавязкаў, ствараючы “высокую паэзію з прозы будзённасці”, як казаў Эскрыва.

Заснавальнік арганізацыі быў кананізаваны ў 2002 г. Ён з’яўляецца аўтарам кніг – “Сябры Божыя”, “Шлях”, “Кузня”, “Баразна”, “Крыжовы шлях”, “Хрыстос праходзіць побач”, у якіх выклаў сваё бачанне духоўнасці для хрысціян, якія жывуць у свеце.

“Рабі дабро, практыкуйся ў справядлівасці – асабліва дома, у коле сваіх бліжніх. Нават, калі ты падаеш ад стомы – заражай радасцю тых, хто побач, калег па працы, служачы іншым з задавальненнем, з усмешкай і ўдзелам, выконваючы даручэнні на мяжы магчымасцей, з максімальнай дасканаласцю. І ўсё гэта – ў імя Божай любові, на хвалу Божую, з позіркам, скіраваным увышыню, да вечнай радзімы. Толькі гэта мэта і вартая намаганняў”, - пісаў ён.

“Opus Dei” ажыццяўляе сваю працу праз выхаваўчыя, дабрачынныя і культурныя цэнтры. Ёй належаць школы, бальніцы, універсітэты і цэнтры прафесійнай падрыхтоўкі.

Сёння Прэлатурай кіруе трэці пераемнік св. Хасэмарыа Эскрыва, іспанскі святар, кс. Фернанда Акарыс Бранья.

Навіна ў фармаце аўдыё
02 кастрычніка 2018, 14:43