Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Беларускі іерарх на Сінодзе: прыйшлося зрабіць рахунак сумлення

Арцыбіскуп Кандрусевіч у інтэрв’ю Vatican News падвёў вынікі першага этапу прац Сінода Біскупаў. Дэлегат ад Беларусі станоўча ўражаны стаўленнем маладых аўдытараў Асамблеі і іх актыўнай пазіцыяй.

Першая частка біскупскага сходу прайшла ў большай ступені пад знакам слухання маладых людзей. Сінадальным Айцам хацелася пачуць, што думае моладзь пра Касцёл, чаго чакае ад яго?

“Некаторыя прамовы маладых людзей былі вельмі важнымі. Напрыклад, адзін амерыканскі студэнт сказаў, што яго пакаленне патрабуе добра падрыхтаваных духоўных настаўнікаў, перш за ўсё, святароў і кансэкраваных асоб, але таксама і свецкіх вернікаў. Думаю, што многія біскупы задумаліся над гэтымі словамі. І я таксама. Шчыра кажучы, я зрабіў рахунак сумлення”, - прызнаўся старшыня беларускага епіскапату.

Іерарх звярнуў увагу і на іншы аспект узаемадзеяння на лініі Касцёл-моладзь: 

“[Моладзь патрабуе ад Касцёла свайго, але таксама і Касцёл ад яе патрабуе. Тут павінен быць шлях у двух напрамках – мы ідзём да моладзі, а яна да нас. Так вырашаюцца праблемы.]”

Арцыбіскупу падабаецца атмасфера на Сінодзе. Маладыя людзі, якія прысутнічаюць на Асамблеі ў якасці аўдытараў і экспертаў з самага пачатку дэманструюць актыўнае стаўленне. “Моладзь, якая знаходзіцца на Сінодзе не заняла пазіцыю пасіўных гледачоў. Яны не сядзяць як заўзятары ля тэлевізару, якія крытыкуюць гульню, бо разумеюць, што таксама і ад іх удзелу, актыўнасці, разумення “sensus Ecclesiae” будзе залежаць лёс Касцёла”, - адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх актыўна выказваецца на Сінодзе, прадстаўляючы ўдзельнікам беларускі кантэкст у пытаннях, якія абмяркоўвае Асамблея.

Навіна ў фармаце аўдыё
11 кастрычніка 2018, 14:02