Вераніка Анталь Вераніка Анталь 

Пантыфік пра беатыфікацыю “румынскай Марыі Гарэці”

Святы Айцец паведаміў пра хуткую беатыфікацыю румынскай мучаніцы, якая загінула ў часы камуністычнай дыктатуры.

“22 верасня ў Нямцы, у Румыніі, будзе беатыфікавана Вераніка Анталь, свецкая верніца з Трэцяга францішканскага ордэна, забітая “з нянавісці да веры” ў 1958 г. Узнясём падзяку Богу за гэту адважную жанчыну, якая аддаючы сваё жыццё, дала сведчанне сапраўднай любові да Бога і братоў”, - сказаў Папа.

Вераніка Анталь нарадзілася ў 1935 г. у сялянскай сям’і. У шаснаццацігадовым узросце спрабавала ўступіць у манаскую супольнасць, але гэтаму перашкодзіла ўстанаўленне камуністычнай улады ў Румыніі і звязанае з гэтым закрыццё кляштараў. Дзяўчына вырашыла жыць як законніца ў сябе дома і служыць у парафіі. Яна далучылася да Трэцяга францішканскага ордэна і патаемна склала абяцанне чыстасці.

Вечарам 24 жніўня 1958 г., вяртаючыся з касцёла, які знаходзіўся на адлегласці васьмі кіламетраў ад яе дома, Вераніка Анталь падверглася спробе згвалтавання. Злачынца забіў яе з асаблівай жорсткасцю. Мёртвую Вераніку знайшлі на наступны дзень у полі мясцовыя сяляне. У руках яна трымала ружанец. У апошнія дні перад смерцю дзяўчына чытала кнігу пра св. Марыю Гарэці, італьянскую верніцу, якая загінула, баронячы сваю чыстасць.

У 2003 г. пачаўся працэс беатыфікацыі Веранікі Анталь, а 26 студзеня 2018 г. Францішак ухваліў дэкрэт аб прызнанні яе мучаніцтва.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 верасня 2018, 11:18