Пошук

Макет новага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Макет новага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

У Гомелі адраджаецца парафія праз 80 год пасля знішчэння

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец 15 жніўня 2018 г. у Гомелі асвяціў крыж і зямлю на месцы будаўніцтва новага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Парафія з такім тытулам існавала ў горадзе да 1938 г. Затым улада бальшавікоў знішчыла яе, святары былі рэпрэсаваныя і расстраляныя, а ў 1940 г. храм, які знаходзіўся на цэнтральнай плошчы, быў узарваны камуністамі.

Біскуп Велікаселец, калі прыехаў служыць у Гомель, аднавіў парафію і зарэгістраваў яе ў 2013 г., затым пачаў дабівацца выдзялення ўчастку для будаўніцтва святыні. Узводзіць касцёл вырашылі не на гістарычным месцы, а ў Савецкім раёне горада. На цэнтральнай плошчы пабудаваць святыню цяпер амаль немагчыма, і ў гэтым няма вялікага сэнсу. Бо пакуль адзіны касцёл у горадзе знаходзіцца зусім побач, а ў іншых раёнах Гомеля няма каталіцкіх святыняў.

Участак пад будаўніцтва новай святыні быў выдзелены на ўскрайку горада, сёлета там пачаліся падрыхтоўчыя працы. Ужо выкапаны катлаван і пракладзены камунікацыі, усталяваны крыж і фігура Божай Маці, будуецца тут і часовая драўляная капліца.

Датай асвячэння месца будоўлі касцёла Унебаўзяцця Панны Марыі была выбрана сёлетняя ўрачыстасць. Падчас набажэнства мясцовыя парафіяне маліліся аб Божым благаслаўленні будоўлі. Як знак Божага благаслаўлення вернікі ўспрынялі раптоўны дождж. Роўна ў 15.00, калі павінна было распачацца набажэнства, лівень шчодра паліў зямлю. Бог сам асвяціў гэта месца, упэўнены біскуп Велікаселец.

“Гістарычная парафія аднаўляецца, і там, дзе ёсць вернікі, там павінна быць св. Імша, а яна павінна быць у святыні. Пытанне аб выдзяленні месца для будаўніцтва вырашалася амаль чатыры гады. І цяпер просім Пана аб тым, каб Ён благаславіў гэтае месца, каб тут быў дом Божы, каб людзі маглі тут маліцца. Бо мэта нашага жыцця – шанаваць Бога, а Пан будзе нас дабраслаўляць. Бацькі любяць сваіх дзяцей, мы ўсе дзеці Пана, і Ён любіць нас, а на любоў трэба адказваць любоўю. Мы не адным хлебам жывём. Наша жыццё залежыць ад таго, як мы молімся. Адыдзем ад Бога – перастанем любіць адзін аднаго”, - перасцярог іерарх.

Выгляду знішчанай камуністамі святыні новы касцёл мець не будзе. Ён спраектаваны ў псеўдагатычным стылі, выцягнуты ўгору і мае 30-метровыя вежы, бо побач месцяцца шматпавярховыя дамы, якія б закрывалі сабой невысокі касцёл.

Цікава, што вуглавы камень новага касцёла ў Гомелі ў 2015 г. благаславіў папа Францішак. Будзе закладзены ў падмурак яшчэ і невялікі каменьчык, які біскуп Казімір Велікаселец прывёз з Назарэту, роднага горада Езуса Хрыста, падчас нацыянальнай пілігрымкі ў Святую Зямлю.

Пакуль у 500-тысячным Гомелі ёсць толькі адзін каталіцкі храм, які ў нядзелі і асабліва ў асноўныя ўрачыстасці змяшчае з цяжкасцю ўсіх, хто жадае ўдзельнічаць у св. Імшы. Да таго ж вернікам, што жывуць у іншых раёнах горада, доўга дабірацца да касцёла, размешчанага на вуліцы Савецкай.

Навіна ў фармаце аўдыё
16 жніўня 2018, 11:29