Бэта версія

Cerca

Vatican News
Кардынал Гуальцьера Басэці Кардынал Гуальцьера Басэці 

Кардынал: абнаўленне Касцёла і грамадства адбываецца праз сям’ю

Папа нагадаў відавочную, хоць і забытую праўду: абнаўленне Касцёла і грамадства адбываецца праз сям’ю, лічыць кардынал Гуальцьера Басэці.

Падводзячы вынікі ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі падкрэсліў, што падрыхтоўка да наступнага сусветнага сямейнага форума, які адбудзецца ў 2021 г. у Рыме, з’яўляецца вялікім выклікам для мясцовага Касцёла.

Паводле арцыбіскупа Перуджы, словы, з якімі Папа звяртаўся да ўдзельнікаў сустрэчы ў Дубліне былі блізкім да жыцця і тычыліся канкрэтных рэалій. Пантыфік не стамляўся нагадваць пра значэнне будавання ўзаемных адносін, рабіў акцэнт на пытанні прабачэння і важнасці добрага выхавання дзяцей. Паводле іерарха, такім чынам Святы Айцец прапанаваў своеасаблівы сямейны даведнік па розных пытаннях.

“Папа тлумачыў сэнс важнейшых слоў: “калі ласка”, “дзякуй”, “прабач”. Тлумачыў, што яны ўплываюць на якасць повязі паміж дзецьмі, бацькамі і старымі. Кожны член сям’і павінен быць па-сапраўднаму глыбока паважаным. Францішак падкрэсліў, што ў сям’і павінна быць месца для ўзаемнай удзячнасці, бо тое, што даецца і атрымліваецца ў ёй – гэта не проста бюракратычны абмен”, - сказаў кардынал Басэці ў інтэрв’ю для “Vatican News”.

Пурпурат заўважыў, што Папа шматразова звяртаў увагу на патрэбу ў прымірэнні і прабачэнні, што можа тычыцца не толькі сямейнай сферы, але быць цалкам перанесена ў сферу агульнага душпастырства.

“Ён мае глыбокія веды аб мужчыне і жанчыне, антрапалогію і досвед, якія могуць паходзіць толькі з сэрца вялікага пастыра, якія сам жыве ўсім гэтым і ведае як гэта перадаваць”

- дадаў іерарх.

Старшыня італьянскага епіскапату зазначыў, што падрыхтоўцы да наступнай Сусветнай сустрэчы сем’яў пасадзейнічае кастрычніцкі Сінод Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, а таксама дзве сінадальныя асамблеі, якія прайшлі ў мінулыя гады на тэму сям’і. Будучы сямейны форум можа стаць вялікам шанцам для Касцёла ў Італіі, мяркуе кардынал Басэці.

Сусветныя сустрэчы сем’яў праводзяцца кожныя тры гады. Першая адбылася ў 1994 г. у Рыме, апошняя – 21-26 жніўня 2018 г. у Дубліне. Раней яны праходзілі таксама ў Рыа-дэ-Жанейра, Маніле, Валенсіі, Мехіка, Мілане і Філадэльфіі.

Навіна ў фармаце аўдыё
30 жніўня 2018, 10:28