Chiamata delle famiglie per la santità Chiamata delle famiglie per la santità 

Сусветная сустрэча сем’яў: дыскусіі і сведчанні ўдзельнікаў

У Дубліне працягваецца ІХ Сусветная сустрэча сем’яў. Праграма форума прадугледжвае шматлікія круглыя сталы, выставы, сведчанні і супольную малітву ўдзельнікаў.

“Дабро дзяцей заўсёды павінна стаяць на першым месцы, бо пераважна яны пакутуюць па прычыне разводу сваіх бацькоў”, - заўважаў падчас адной з дыскусій кардынал Крыстаф Шонборн, арцыбіскуп Венскі.

Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Аўстрыі спаслаўся на адгартацыю “Amoris laetitia”, падкрэсліўшы словы Францішка пра тое, што падчас канфліктаў паміж сужонкамі дзіця ніколі не павінна станавіцца закладнікам сітуацыі. Сужэнства ён назваў самай вялікай формай сяброўства, бо яно грунтуецца не толькі на супольным жыцці і дабры іншага чалавека, але таксама прадугледжвае згоду на непарыўнасць.

Канадскі кардынал Жэраль Сіпрыян Лакруа падкрэсліваў, што адказам на вялікую колькасць разводаў, якая пастаянна павялічваецца, павінна быць любоў, што мае ў сабе сілу. Менавіта яна можа змяняць жыццё, сужэнства, сем’і і нават свет. Іерарх дадаў, што можа засведчыць, наколькі сапраўдная любоў ператварае людзей і дазваляе вучыцца на здзейсненых памылках.

Сведчанне моцнай любові склалі Анна і Альбэрта Фрыса – італьянская сужэнская пара з 50-гадовым стажам. “Сям’я – гэта месца, дзе з’яўляецца жыццё. Менавіта ў ёй мы вучымся дзяліцца з іншым чалавекам, вучымся радасці і цярпенню, вучымся жыць з хваробамі і лічыцца са смерцю. Гэта школа ўсё больш поўнай і багатай чалавечнасці”, - казалі яны.

У гэтым кантэксце звярталася ўвага на сведчанне сем’яў, якія не цураюцца дапамогі цяжка хворым асобам, усынаўляюць дзяцей з інваліднасцямі, апякуюцца пажылымі і хворымі бацькамі.

Удзельнікі Сусветнай сустрэчы сем’яў чакаюць прыбыцця Святога Айца, які пачне падарожжа ў Ірландыю 25 жніўня. На думку віцэ-старшыні італьянскага Форума сямейных асацыяцый (Forum delle associazioni familiari), спадарыні Эмы Чыкарэлі, Папа “прагне аднавіць і вярнуць тое, што з’яўляецца фундаментальным для хрысціянскага жыцця”.

“У Ірландыі патрэба ў гэтым павінна быць яшчэ большай. На вуліцах Дубліна бачна вялікая колькасць маладых людзей, таму гэта пасланне павінна быць скіравана таксама да іх. Не толькі да параненай Ірландыі, але ў першую чаргу да Ірландыі, якую стварае моладзь. Мы прагнем таксама, каб Папа нанова ўліў у сэрцы сем’яў надзею”, - зазначыла спадарыня Чыкарэлі.

Сусветная сустрэча сем’яў праходзіць 21-26 жніўня 2018 г. у Дубліне. У форуме прымае ўдзел каля 35 тыс. чалавек з 116 краін свету. Кульмінацыяй падзеі стане Эўхарыстыя з Пантыфікам, якая пройдзе ў нядзелю на тэрыторыі мясцовага “Фенікс-Парку”.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 жніўня 2018, 11:18