Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Вялікая цікавасць да візіту Францішка ў Ірландыю

Арганізатары Сусветнай сустрэчы сем’яў адзначаюць вялікую цікавасць да папскага візіту ў Ірландыю.

Гэта станоўчая атмасфера паступова пашыраецца, ірландцы перакананыя ў вялікай важнасці гэтай міжнароднай падзеі. Так сітуацыю вакол форума пракаментавала Брэнда Драм, прэс-сакратар Сусветнай сустрэчы.

Яна прызналася, што яшчэ год таму не чакала, што разыдуцца ўсе ўваходныя білеты на папскія мерапрыемствы. На самой справе, яны былі распрададзеныя на працягу двух тыдняў. На думку Драм, гэта заслуга Святога Айца, чый стыль і пасланне блізкія секулярызаванаму грамадству Ірландыі.

“Я думаю, што калі людзі так добра рэагуюць на падарожжа, гэта адбываецца па прычыне самаго Францішка. Ірландцы любяць яго стыль і пасланне. Маладых людзей прываблівае яго вучэнне аб сацыяльнай справядлівасці, тое, што ён кажа пра мігрантаў і бежанцаў, а таксама пра абарону навакольнага асяроддзя”, - адзначыла афіцыйны прадстаўнік аргкамітэту сямейнага форуму.

Прэс-сакратар лічыць, што “пасланне Францішка сустракае станоўчы водгук і ў розных пакаленнях”. “Старэйшаму пакаленню падабаецца, што бабуль і дзядуль ён называе скарбам грамадства. Людзі адчуваюць, што Святы Айцец разумее праблемы паўсядзённага сямейнага жыцця, ведае, што дома могуць часам лётаць талеркі, а дзеці могуць выклікаць галаўны боль. Людзі хочуць, каб ён працягваў абвяшчаць тое ж пасланне, якое бачыць у яго словах і жэстах ад самага пачатку пантыфікату”, - сказала Брэнда Драм.

ІХ Сусветная сустрэча сем’яў пройдзе з 21 па 26 жніўня 2018 г. з удзелам Святога Айца Францішка ў ірландскім Дубліне пад дэвізам “Евангелле сям’і – радасць для свету”.

Навіна ў фармаце аўдыё
15 ліпеня 2018, 12:46