Пошук

Плакат-запрашэнне на V Амерыканскі місійны кангрэс Плакат-запрашэнне на V Амерыканскі місійны кангрэс 

Увага Святога Пасаду да Амерыканскага місійнага кангрэса

Абрадам паслання місіянераў і місійнай анімацыяй ва ўсіх парафіях Санта-Крус завяршыўся V Амерыканскі місійны кангрэс.

У нарадзе, якая праходзіла ў Балівіі, прынялі ўдзел 2,5 тыс. чалавек. Гаспадаром наступнага сходу ў 2023 г. будзе Пуэрта-Рыка.

“Падчас сустрэчы прагучаў напамін, што місія Касцёла пачынаецца з абвяшчэння праўды пра смерць і ўваскрасенне Езуса, і яна нязменна павінна стаяць у цэнтры ўсяго вучэння Касцёла”, - сказаў, падводзячы вынікі кангрэса ў Балівіі, арцыбіскуп Джамп’етра Даль Тоза. Дапаможны сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў адзначыў, што сярод ахрышчаных існуе неабходнасць аднаўлення місійнай тоеснасці.

“Сход таксама ўзняў некаторыя канкрэтныя тэмы. Была гаворка, напрыклад, пра неабходнасць узяць на сябе большы клопат пра сям’ю, што ва ўсёй Амерыцы становіцца прыярытэтнай задачай для Касцёла, таму што тут адчуваецца крызіс гэтага інстытута”, - падзяліўся іерарх.

Ён дадаў, што на кангрэсе падкрэслівалася неабходнасць клопату пра пакліканні, кансэкраванае жыццё і святарства. “Варта таксама падкрэсліць важнасць біблійнага душпастырства, якое дапаможа паглыбіць атрыманую веру. Яшчэ адзін аспект, на які была звернута ўвага, асабліва блізкі Святому Айцу Францішку. Гаворка ідзе пра належную павагу да народнай пабожнасці, належнае для яе месца ў Касцёле, каб, у той жа час, яна паглыблялася праз здаровую біблійную катэхізацыю”, - заўважыў Дапаможны сакратар Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.

Амерыканскія місійныя кангрэсы бяруць свой пачатак у Мексіцы, дзе першапачаткова склікаліся на нацыянальным узроўні. У 1997 г. іх геаграфія пашырылася, у сувязі з чым назва змянілася на Лаціаамерыканскія. Пасля Сінода Біскупаў Амерыкі, які адбыўся ў тым жа годзе, было прынята рашэнне ўключаць у шэрагі ўдзельнікаў місійных форумаў прадстаўнікоў з усёй Паўднёвай Амерыкі. Такім чынам, шосты па ліку Лаціаамерыканскі місійны кангрэс стаў адначасова першым Амерыканскім. Другі адбыўся ў 2003 г. у Гватэмале і з таго часу склікаецца кожныя пяць гадоў.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 ліпеня 2018, 14:47