Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік ухваліў дэкрэты аб гераічнасці цнотаў

Папа Францішак ухваліў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў новых кандыдатаў да хвалы алтароў.

5 ліпеня 2018 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі кардынала Анджэла Амата, прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, і ўхваліў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў новых кандыдатаў да хвалы алтароў. Такім чынам адкрыта дарога да абвяшчэння іх святымі.

Узгаданыя дэкрэты тычацца Слугаў Божых: італьянскіх свецкіх вернікаў Пьетра дзі Вітале (1916-1940), Джорджыа Ла Піра (1904-1977) і Карла Акуціса (1991-2006), а таксама іспанскай свецкай верніцы Алесіі Гансалес-Барос і Гансалес (1971-1985).

Пьетра дзі Вітале пражыў усяго 23 гады. Вучыўся ў дыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі Палерма і шмат часу прысвячаў ушанаванню Найсвяцейшага Сакрамэнту і пакланенню Беззаганнай Дзеве Марыі. З’яўляўся францішканскім тэрцыярыем і быў удзельнікам Руху свецкіх вернікаў “Каталіцкае дзеянне”. Заўчасна памёр з-за цяжкой хваробы.

Джорджыа Ла Піра вядомы, асабліва ў Італіі, як “святы мэр” Фларэнцыі. Кіраўніком гэтага горада ён быў у 1951-1957 гг. і ў 1961-1965 гг. Дадзеныя яму паўнамоцтвы выкарыстоўваў для барацьбы з сацыяльнай няроўнасцю, выкаранення беднасці і спрыяння інтэгральнаму развіццю кожнай асобы.

Карла Акуціс за сваё кароткае 15-гадовае жыццё стаў вядомым у свеце дзякуючы сваім надзвычайным здольнасцям у галіне інфарматыкі, якія ён выкарыстоўваў на карысць Каталіцкага Касцёла, прапаведваючы Евангелле на інтэрнэт-прасторах і ў сацыяльных сетках.

Іспанская дзяўчынка Алесія Гансалес-Барос і Гансалес адышла ў вечнасць у 14-гадовым узросце. Калі за год да смерці ў яе дыягнаставалі анкалагічнае захворванне, яна з поўнай пакорлівасцю прыняла волю Бога і ахвяравала свае пакуты за Каталіцкі Касцёл, за святога Яна Паўла II, тагачаснага Папу, і за іншых людзей. Памерла 5 снежня 1985 г.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 ліпеня 2018, 15:29