Кардынал Жан-Луі Таран Кардынал Жан-Луі Таран 

Памёр кардынал Жан-Луі Таран

Адышоў у вечнасць кардынал Жан-Луі Таран, Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Пурпурату было 75 гадоў.

Іерарх, у якога была дыягнаставана хвароба Паркінсона, памёр 5 ліпеня 2018 г. у ЗША, дзе праходзіў лячэнне.

У спачувальнай тэлеграме папа Францішак запэўніў у сваёй духоўнай блізкасці і малітве “родных памерлага кардынала і ўсіх людзей, каго кранула вестка аб яго смерці”. Папа даручыў душу памерлага Божай міласэрнасці, адзначыўшы вялікі след, які кардынал Таран пакінуў у паўсюдным Каталіцкім Касцёле.

“Ён быў дарадчыкам, да якога прыслухоўваліся і якога цанілі, дзякуючы стасункам даверу і павагі, якія ён будаваў з мусульманскім светам”, – узгадваецца, у прыватнасці, яго праца на пасадзе Старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. “Няхай Бог адорыць яго душу вечным супакоем і радасцю”, – напісаў папа Францішак.

Жан-Луі Таран нарадзіўся ў французскім Бардо 5 красавіка 1943 г. Скончыў Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт у Рыме, атрымаўшы ступень магістра філасофскіх і багаслоўскіх навук. 20 верасня 1969 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і распачаў душпастырскае служэнне ў родным Бардо.

У 1973 г. быў накіраваны на вучобу ў Папскую дыпламатычную акадэмію ў Рыме. У 1975 г., абараніўшы доктарскую дысертацыю ў галіне кананічнага права, Жан-Луі Таран распачаў дыпламатычную службу ў Апостальскай нунцыятуры ў Дамініканскай Рэспубліцы. Праз чатыры гады быў пераведзены на працу ў Апостальскую нунцыятуру ў Ліване, дзе заставаўся да 1983 г.

У ліпені 1983 г. кардынал Таран быў запрошаны на працу ў Раду па грамадскіх справах Каталіцкага Касцёла, а ў 1990 г. стаў яе старшынёй. З 1984 г. па 1988 г. прымаў удзел у працы тагачаснай Нарады па Бяспецы і Супрацоўніцтве ў Еўропе.

6 студзеня 1991 г. папа Ян Павел II удзяліў іерарху біскупскае пасвячэнне, а 21 кастрычніка 2003 г. падчас Кансісторыя ўзвысіў яго да годнасці кардынала-дыякана. Кардыналам-протадыяканам Жан-Луі Таран стаў у лютым 2011 г.

24 лістапада 2003 г. пурпурат быў прызначаны Архіварыусам Ватыканскага сакрэтнага архіва і Бібліятэкарам Святога Рымскага Касцёла. 25 студзеня 2007 г. заняў пасаду Старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. З 2014 г. з’яўляўся камерленга Святога Рымскага Касцёла.

У якасці кардынала-выбаршчыка памерлы іерарх прымаў удзел у двух канклавах – у 2005 г., падчас абрання Бэнэдыкта XVI, і ў 2013 г., калі на Пасад св. Пятра ўзышоў папа Францішак. Тады менавіта кардынал Жан-Луі Таран агучыў традыцыйную формулу “Habemus Papam”, якая паведамляе вернікам аб абранні новага Наступніка св. Пятра.

Пасля смерці французскага пурпурата Калегія кардыналаў налічвае 225 іерархаў, 124 з якіх маюць права голасу на магчымым канклаве.

Навіна ў фармаце аўдыё
06 ліпеня 2018, 14:18