Кардынал Фернанда Філоні Кардынал Фернанда Філоні 

Ватыканскі кардынал: місіянерства не з’яўляецца філантропіяй

Папскі легат, кардынал Фэрнанда Філоні, прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, узначаліў літургію на распачацце V Амерыканскага місійнага кангрэса.

Форум распачаўся 11 ліпеня 2018 г. у балівійскім горадзе Санта-Крус-дэ-ла-Сьера.

Кардынал Філоні нагадаў удзельнікам Эўхарыстыі, што місійная дзейнасць – не філантропія: яна не ўзнікае з “нашых учынкаў добрай волі”. Перш за ўсё, гэта “благаслаўленне” для ўсіх тых, каму абвяшчаецца Евангелле. Справы ж на карысць бедных, тыя, што аддаюць перавагу “любым экзістэнцыяльным перыферыям”, непарыўна звязаны з Езусам, “а значыць, усё з’яўляецца благаслаўленнем”.

Быць місіянерам, заўважыў іерарх, значыць, па-першае, абвяшчаць Езуса, Яго справу нашага вызвалення ад грахоў, прабачэння; па-другое, сведчыць пра Яго, а для гэтага жыццёва неабходна карыстацца даверам. Без усведамлення таго, што Бог учыніў “у маім жыцці”, чалавек застаецца “павярхоўным” і, адпаведна, пазбаўленым даверу з боку іншых.

Сапраўднай “місіянеркай нашых часоў” ватыканскі пасланнік назваў бл. Маці Марыю Ігнацыё ад Езуса, чые рэліквіі знаходзіліся ў святыні падчас св. Імшы. Іспанка, якая жыла на мяжы XIX-XX стст., падчас прабывання ў Балівіі адчула надзвычайную прагу да місіянерства і заснавала новы манаскі інстытут – Місіянераў Крыжаносцаў Касцёла, члены якога прысвячаюць сябе служэнню бедным і адчужаным. Падчас літургіі кардынал Філоні нагадаў пра кананізацыю законніцы, якую папа Францішак здзейсніць 14 кастрычніка 2018 г.

У V Амерыканскім місіянерскім кангрэсе прымаюць удзел 2,5 тыс. дэлегатаў і місіянераў з усяго паўднёваамерыканскага кантынента. Запланаваныя ў рамках форуму мерапрыемствы аб’яднаны тэмай “Амерыка на місіі. Евангелле – гэта радасць”. Мэта Кангрэса – пашырыць ідэю сапраўднага “місіянерскага навяртання”, здольнага пераказваць “радасць Евангелля ўсім народам”, “з асаблівай увагай да перыферый сучаснага свету, не толькі матэрыяльных, але і духоўных”.

V Амерыканскі місіянерскі кангрэс будзе трываць чатыры дні і завяршыцца ў суботу, 14 ліпеня 2018 г., святкаваннем Дня місіянерства ў мясцовых парафіях і св. Імшой, падчас якой адбудзецца благаслаўленне шэрагу пакліканых на новыя місіі.

Амерыканскія місіянерскія кангрэсы бяруць свой пачатак у Мексіцы, дзе першапачаткова склікаліся на нацыянальным узроўні. У 1997 г. іх геаграфія пашырылася, у сувязі з чым назва змянілася на Лаціаамерыканскія місіянерскія кангрэсы. Пасля Сінода Біскупаў Амерыкі, які адбыўся ў тым жа годзе, было прынята рашэнне ўключаць у шэрагі ўдзельнікаў місіянерскіх форумаў прадстаўнікоў з усёй Паўднёвай Амерыкі. Такім чынам, шосты па ліку Лаціаамерыканскі місіянерскі кангрэс стаў адначасова першым Амерыканскім кангрэсам. Другі адбыўся ў 2003 г. у Гватэмале і з таго часу склікаецца кожныя пяць гадоў.

Навіна ў фармаце аўдыё
12 ліпеня 2018, 15:11