Cerca

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Епіскапат ЗША пра актуальнасць энцыклікі “Humanae Vitae”

Актуальнасць і важнасць энцыклікі Паўла VI “Humanae Vitae” адзначыў у спецыяльнай заяве старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША, кардынал Даніэль Нікалас Дзінарда.

“Пяцьдзесят гадоў таму благаслаўлёны Павел VI выдаў энцыкліку “Humanae Vitae”. Пацвердзіў у ёй прыгожую праўду, што муж і жонка закліканы быць узаемным дарам адно для аднаго. Сужэнства адлюстроўвае любоў Бога, Які застаецца верным і шчодрым даўцам жыцця. Дзякуючы свайму пакліканню, сужонкі супрацоўнічаць з Богам, адкрываючы сябе на новае чалавечае жыццё”, - напісаў іерарх.

Ён нагадаў, што Павел VI з любоўю і цярплівасцю ўспрымаў крытыку “Humanae Vitae”. Папа смела сцвярджаў, што, калі мы любім згодна з Божым планам, адчуваем сапраўдную свабоду і радасць. І аказалася, што ён меў таксама рацыю, перасцерагаючы ад наступстваў ігнаравання сапраўднага сэнсу сужэнскай любові, заўважыў кардынал Дзінарда, і сцвердзіў, што Касцёл з нецярпеннем чакае кананізацыі Паўла VI у кастрычніку.

У 1968 г., калі была апублікавана “Humanae vitae”, свет перажываў глыбокія пераўтварэнні, а навука стала “запускаць рукі” ў механізмы рэпрадукцыі. Павел VI захацеў адказаць на новыя выклікі, усведамляючы, што пытанне не абмяжоўваецца толькі “вокладкай”, а мае на ўвазе будучыню народаў.

У 1963 г. Ян XXIII, папярэднік Паўла VI, заснаваў Камісію, якая стала займацца новымі пытаннямі, якія адносіліся да сужэнскага жыцця, і асабліва, прамога рэгулявання нараджальнасці. Павел VI сабраў вынікі працы экспертаў і праз сваю энцыкліку даў канчатковы адказ на гэтыя сур’ёзныя пытанні.

“Humanae vitae” складаецца з 31 параграфа і падзелена на тры часткі: новыя аспекты праблемы і кампетэнцыя настаўніцтва; прынцыпы дактрыны; пастырскія дырэктывы.

Было б памылковым прыніжаць энцыкліку да дакумента выключна аб сужэнскай сексуальнай маралі, бо, на самой справе, яна нясе глыбокі сацыяльны пасыл. Разважанне Паўла VI у рэчаіснасці спасылаецца на праблемы дэмаграфічнага росту, змяненне сацыяльных, культурных і эканамічных умоў, новай ролі жанчын і развіццё навукі ў сферы панавання над прыроднымі працэсамі. У гэтым кантэксце Папа тлумачыць, што ў агульнай свядомасці ўстае вырашальнае пытанне: ці варта давяраць задачу перадачы жыцця розуму чалавека, які адчувае сябе “дарослым”, і яго волі, больш, чым біялагічным рытмам яго арганізма. Менавіта ў гэтым Павел VI бачыць адну з найбольшых рызык.

Энцыкліка “Humanae Vitae” ўратавала жыцці мільёнаў дзяцей, якія маглі б ніколі не нарадзіцца. Яе сэрца – гэта прыгажосць, якую Павел VI прапануе праз свае разважанні, – зрабіць любоў паміж мужам і жонкай шляхам благаслаўлення, што азначае шчасця.

Навіна ў фармаце аўдыё
26 ліпеня 2018, 14:46