Касцёл св. Якуба ў Меджугор’і Касцёл св. Якуба ў Меджугор’і  

Апостальскі візітатар пачынае місію ў Меджугор’і

22 ліпеня 2018 г. арцыбіскуп Генрык Хосэр узначаліць св. Імшу ў касцёле св. Якуба ў Меджугор’і на распачацце свайго служэння ў якасці спецыяльнага Апостальскага візітатара для гэтай парафіі.

Згодна з дэкрэтам папы Францішка ад 31 мая 2018 г., арцыбіскуп-эмерыт Варшаўска-Пражскі прызначаны на новую пасаду “ad nutum Sanctae Sedis”. Гэта значыць, што права спынення мандата застаецца за Святым Пасадам.

Гаворка ідзе пра выключна душпастырскую функцыю. Як патлумачылі ў Зале Друку Святога Пасаду, “місія Апостальскага візітатара мае на мэце забеспячэнне грунтоўнага і бесперапыннага суправаджэння парафіяльнай супольнасці Меджугор’я і вернікаў, якія накіроўваюцца туды ў якасці пілігрымаў, патрэбам якіх павінна надавацца асаблівая ўвага”.

Новае прызначэнне арцыбіскупа Хосэра стане працягам яго служэння ў Меджугор’і, толькі ў новым статусе. З 11 лютага 2017 г., па рашэнні Пантыфіка, іерарх быў накіраваны ў сусветна вядомае месца пілігрымавання ў якасці спецыяльнага папскага пасланніка. Мэта яго місіі заключалася тады ў “набыцці больш глыбокіх ведаў адносна мясцовай душпастырскай сітуацыі, перш за ўсё, патрэб вернікаў, якія здзяйсняюць туды пілігрымкі, і ў далейшым – у прапанове душпастырскіх ініцыятыў”.

У той час кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Грэг Бёрк заўважаў, што “місія спецыяльнага пасланніка – гэта знак увагі Святога Айца да пілігрымаў. Яе мэта не даследчая, а выключна душпастырская. Папскі легат не будзе займацца пытаннямі, якія датычаць Марыйных аб’яўленняў, – гэта ўваходзіць у кампетэнцыю Кангрэгацыі Веравучэння. Ён будзе знаходзіцца ў кантакце з дыяцэзіяльным біскупам, з Меншымі Братамі Францішканамі, якім даручны клопат пра парафію ў Меджугор’і, і з мясцовымі вернікамі”.

Штогод мільёны вернікаў – прадстаўнікоў розных канфесій – ажыццяўляюць духоўныя падарожжы ў Марыйны санктуарый у Меджугор’е, які знаходзіцца ў дыяцэзіі Мостар ў Босніі і Герцагавіне. Мясцэчка вядомае тым, што менавіта там 24 чэрвеня 1981 г. чацвёра мясцовых дзяцей, па іх словах, сталі сведкамі “аб’яўлення” Маці Божай. Паводле візіянераў, “аб’яўленні” працягваюцца па сённяшні дзень, і не заўсёды ў Меджугор’і.

Да гэтага часу Каталіцкі Касцёл не выказаў канчатковую пазіцыю адносна звышнатуральнага характару гэтай з’явы.

Навіна ў фармаце аўдыё
21 ліпеня 2018, 14:51