Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік сустрэўся з маладымі астрафізікамі

14 чэрвеня 2018 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі групу маладых навукоўцаў, якія прымаюць удзел у штогадовай Летняй школе астрафізікі, арганізаванай Ватыканскай абсерваторыяй.

Звяртаючыся да сваіх гасцей, Пантыфік заўважыў, што вывучэнне сусвету дае чалавеку новыя, магчымыя гарызонты пазнання. Але чалавечыя веды не могуць адказаць на ўсе пытанні, якія ставіць космас у сваёй надзвычайнай велічы.

“Заўсёды важна пачынаць, як для навукоўцаў, так і для вернікаў, прызнаючы, што існуе шмат таго, пра што мы не ведаем. Але таксама важна не быць задаволенымі камфортным агнастыцызмам. Менавіта, як мы не павінны думаць, што ведаем усё, такім самы чынам, мы ніколі не павінны баяцца спрабаваць пазнаць больш“, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што акрамя навуковага пазнання існуе таксама пазнанне “метафізічнае, якое прызнае Першапрычыну ўсяго, схаваную ад прыладаў вымярэння” і пазнанне верай, якая прымае Божае Адкрыццё. “Гармонія паміж гэтымі рознымі ўзроўнямі пазнання вядзе нас да разумення, а разуменне – спадзяемся, – адкрывае нас на Мудрасць”, - дадаў ён.

Напрыканцы прамовы, спасылаючыся на словы Дантэ Аліг’еры, які казаў, што “любоў стварае рух сонца і зорак”, Святы Айцец пажадаў маладым навукоўцам-астрафізікам, каб іх працай таксама кіравала любоў: любоў да праўды, любоў да самаго сусвету і любоў да бліжняга.

Рэпартаж аб сустрэчы Папы з маладымі астрафізікамі
Навіна ў фармаце аўдыё
14 чэрвеня 2018, 16:29