Бэта версія

Cerca

Vatican News
Папа падчас аўдыецыі для дэлегатаў Афрыканскіх незалежных Цэркваў Папа падчас аўдыецыі для дэлегатаў Афрыканскіх незалежных Цэркваў  (Vatican Media)

Пантыфік: патрэбна экуменічнае супрацоўніцтва для Афрыкі

Існуе патрэба ў экуменічным супрацоўніцтве на карысць жыхароў афрыканскага кантынента, перакананы Святы Айцец.

23 чэрвеня 2018 г. Францішак упершыню прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлетагаў арганізацыі Афрыканскіх незалежных Цэркваў, у склад якой уваходзяць пратэстанскія супольнасці, якія ўзніклі не ў выніку місіянерскай дзейнасці, але былі заснаванымі самімі афрыканцамі.

У прамове Папа заўважыў, што абяцанні прагрэса і справядлівасці, якія суправаджалі працэс дэкаланізацыі ў Афрыцы, не былі выкананы. “На жаль, многія краіны яшчэ далёкія ад міра і эканамічнага, сацыяльнага і палітычныга развіцця, якія ствараюць умовы для жыцця і належныя магчымасці для ўсіх грамадзян”, - сказаў ён.

Пантыфік параўнаў Афрыку з чалавекам з евангельскай прыпавесці пра Добрага Самараніна, якога пабілі, абрабавалі і пакінулі ледзь жывога на дарозе. Ён заклікаў да рэфлексіі аб тым, што можна зрабіць, каб пасланне Евангелля стала добрай навіной для афрыканскіх народаў і ператварылася ў выраз надзеі, міру, радасці, гармоніі і адзінства.

На думку Святога Айца, тут адкрываецца велізарнае поле для экуменічнай дзейнасці. “Афрыканскія народы маюць глыбокую рэлігійную чуллівасць, адчуванне прысутнасці Бога-Створцы і духоўнага свету. Сям’я, любоў да жыцця, дзеці ўспрымаюцца як дар Бога, павага да пажылых людзей, пачуццё доўга перад блізкімі і далёкімі... Хіба гэтыя рэлігійныя каштоўнасці і правілы жыцця не належаць усім нам, хрысціянам?”, - спытаў Францішак.

Святы Айцец перакананы, што грунтуючыся на гэтых прынцыпах, усе хрысціяне могуць выражаць салідарнасць у міжасабовых і сацыяльных стасунках.

“Асаблівая задача для хрысціян у афрыканскіх грамадствах таксама заключаецца ў спрыянні мірнаму суіснаванню розных этнічных груп, традыцый, моваў і рэлігій. Пры выкананні гэтага задання часта ўзнікаюць перашкоды па прычыне ўзаемнай варожасці. У сувязі з гэтым я хацеў бы заахвоціць да больш шчыльнай сустрэчы і экуменічнага дыялогу паміж вамі і ўсімі іншымі Цэрквамі”, - сказаў Францішак.

Рэпартаж аб папскай аўдыенцыі
Навіна ў фармаце аўдыё
23 чэрвеня 2018, 14:11