Пошук

Парафіяльны касцёл у Меджугор'і Парафіяльны касцёл у Меджугор'і 

Папа прызначыў Апостальскага візітатара ў Меджугор’е

Францішак прызначыў арцыбіскупа Генрыка Хосэра, пастыра Варшаўска-Пражскай дыяцэзіі на пенсіі, спецыяльным Апостальскім візітатарам для парафіі ў Меджугор’і.

Паводле паведамлення Залы Друку Апостальскай Сталіцы, якое было апублікавана 31 мая 2018 г., іерарх будзе займаць гэту пасаду “ad nutum Sanctae Sedis”, гэта значыць неакрэслены час да адмысловага распараджэння Святога Пасаду.

Падкрэсліваецца, што прызначэнне мае выключна душпастырскі характар і з’яўляецца працягам папярэдняй місіі спецыяльнага пасланніка Апостальскай Сталіцы для парафіі ў Меджугор’і, якая была даручана арцыбіскуп Госэру 11 лютага 2017 г. і была завершана ім некалькі месяцаў таму.

Адзначаецца таксама, што місія Апостальскага візітатара мае на мэце забяспечыць стабільнае і няспыннае суправаджэнне парафіяльнай супольнасці Меджугор’я і вернікаў, якія прыбываюць сюды як пілігрымы, патрэбы якіх патрабуюць асаблівай увагі.

Меджугор’е знаходзіцца ў дыяцэзіі Мостар у Босніі і Герцагавіне. Па словах групы мясцовых “візіянераў”, 24 чэрвеня 1981 г. ім стала аб’яўляцца Маці Божая, перадаючы пасланні. Гэтыя “аб’яўленні” працягваюцца па сённяшні дзень. Яны не звязаны з канкрэтным месцам, бо адбываюцца і за межамі Меджугор’я.

Менавіта беспрэцэдэнтная ў гісторыі працягласць такога роду з’яў і іх незавершанасць з’яўляюцца галоўнымі прычынамі, чаму Касцёл не выказваецца канчаткова на тэму іх характару. Да гэтага часу Апостальская Сталіца прызнае сапраўднай пазіцыю епіскапату былой Югаславіі з 1991 г., згодна з якой не можна пацвердзіць звышнатуральнасць з’яў з Меджугор’я.

Навіна ў фармаце аўдыё
31 мая 2018, 13:28