Бэта версія

Cerca

VaticanNews
Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта па дарозе з Чылі ў Перу. 22 студзеня 2018 г. Папа падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта па дарозе з Чылі ў Перу. 22 студзеня 2018 г.  (Vatican Media)

Папа прыме другую групу ахвяр чылійскага святара

1-3 чэрвеня 2018 г. у Доме св. Марты, Францішак сустрэнецца з пяццю святарамі, ахвярамі злоўжыванняў улады, сумлення і сексуальнай эксплуатацыі з боку кс. Фэрнанда Карадзімы.

Разам з імі будуць таксама два святары, якія дапамагалі ім юрыдычна і духоўна, і дзве свецкія асобы. Большасць гэтых людзей удзельнічала ў сустрэчах, якія праводзіліся ў рамках спецыяльнай папскай місіі ў Чылі ў лютым.

2 чэрвеня Папа ўзначаліць прыватную св. Імшу ў капліцы Дому св. Марты, затым пройдзе сустрэча ўсёй групы, пасля чаго адбудуцца індывідуальныя размовы з кожным запрошаным.

“Падчас гэтай новай сустрэчы, запланаванай месяц таму, Францішак хоча засведчыць сваю блізкасць святарам, якія падвергліся выкарыстанню, каб суправаджаць у іх болю і пачуць іх каштоўныя заўвагі для ўдасканалення бягучых прэвентыўных мер і барацьбы з злоўжываннямі ў Касцёле”

- гаворыцца ў ватыканскай заяве.

На гэтым завершыцца першы этап сустрэч Святога Айца з ахвярамі “сістэмы злоўжыванняў”, створанай шмат гадоў таму ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў раёне Правідэнс ў Сант’яга-дэ-Чылі.

“Названыя святары і свецкія з’яўляюцца прадстаўнікамі ўсіх ахвяр духавенства ў Чылі, але не выключана, што падобныя ініцыятывы могуць быць паўтораны ў будучыні”, - гаворыцца ў заяве Залы Друку.

“Святы Айцец папрасіў вернікаў у Чылі – а, у прыватнасці, вернікаў парафій, дзе святары ажыццяўляюць сваё пастырскае служэнне – суправаджаць іх малітвай і салідарнасцю ў гэтыя дні”

- падкрэслівае ватыканская заява.

Кс. Фэрнанда Карадзіма быў шырока вядомым і паважаным душпастырам. Абараняў правы чалавека ў перыяд дыктатуры Піначэта, лічыўся аўтарытэтам для моладзі, якая дапамагала бедным. Выхаваў каля 50 святароў, у тым ліку некалькі біскупаў. Па меркаванні многіх, быў святым. Таму, калі некалькі маладых людзей з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Сант’яга, дзе быў душпастырам, далі паказанні супраць яго і абвінавацілі ў педафіліі, ніхто не мог паверыць гэтаму.

У адпаведнасці з дзеючымі ў Касцёле працэдурамі, пасля правядзення следства, Кангрэгацыя Веравучэння ў студзені 2011 г. прызнала віну святара і налажыла на яго суспэнсу, забарону ажыццяўлення святарскіх функцый. Праз некалькі месяцаў дыкастэрыя адхіліла апеляцыю з яго боку. Амаль 88-гадовы кс. Карадзіма да сённяшняга дня адбывае пакуту ў адным з кляштараў Сант’яга.

Навіна ў фармаце аўдыё
24 мая 2018, 11:09