Пошук

Будынак хрысціянскага сацыяльнага цэнтра для дзяцей і моладзі ў патрэбе ў Мінску Будынак хрысціянскага сацыяльнага цэнтра для дзяцей і моладзі ў патрэбе ў Мінску 

Мінск: Касцёл адкрывае цэнтр для дзяцей і моладзі: мы – для ўсіх!

З дня на дзень у Мінску будзе асвечаны Хрысціянскі сацыяльны цэнтр – першы ў Беларусі, адкрыты Каталіцкім Касцёлам.

Вялікі крыж на фасадзе, фігура святога Юзафа каля ўваходу, унутры – пастэльныя колеры і кветкавыя матывы: будынак па вуліцы Серафімовіча, 19 у Мінску выдзяляецца сярод іншых з першага погляду. Тут з дня на дзень будзе асвечаны Хрысціянскі сацыяльны цэнтр – першы ў Беларусі, адкрыты Каталіцкім Касцёлам.

Прызначэнне цэнтра – выхаванне дзяцей і моладзі ў духу хрысціянскіх традыцый, падкрэсліла сястра Часлава Навіцкая, дырэктар місіі Добрага Самараніна пад апекай св. Уршулі Ледухоўскай, якая і рэалізавала ўнікальны праект.

“Наша заснавальніца, св. Уршуля Ледухоўская казала, што самае галоўнае і асноўнае – даць дзіцяці Бога ад самага малога ўзросту. Асноўная наша місія – дапамагчы ў адукацыі. Дзеці ж заўсёды атрымліваюць адукацыю, а наша задача – выхаванне, і так павінны выхаваць, каб дзеці хацелі атрымаць добрую адукацыю, бо можна хадзіць у школу, але не вучыцца. А каб дзіцё разумела, што трэба добра вучыцца, яго трэба добра выхаваць. Будуць розныя кружкі па інтарэсам, будзем дапамагаць з вывучэннем, напрыклад, замежных моў, у першую чаргу тым, хто мае фінансавыя абмежаванні, але каго Бог надзяліў такім талентам”, - патлумачыла дырэктар Місіі.

Думка стварыць цэнтр у сястры-уршулянкі Чаславы нарадзілася 10 гадоў таму. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падтрымаў ідэю, а 2 лютага 2011 г., у свята Ахвяравання Пана, дзяржава перадала для гэтай справы былы дзіцячы садок. Закінуты будынак трэба было ўзняць з руін: зроблены праект, надбудаваны трэці паверх, памяшканне для капліцы.

Працы было шмат, а думак, што нічога не атрымаецца – ніколі, прызналася сятра Часлава. Для Бога няма нічога немагчымага, зараз яна гэта ведае напэўна. “Памятаю тую хвіліну і бачу як шмат звязана з Марыяй. Я малілася ў нашай катэдры. Бо калі ўжо і падтрымалі ідэю, і будынак быў перададзены, сродкаў не было. І я ўзносіла малітву. Выйшла з катэдры і атрымала тэлефанаванне. Гэта быў адзін чалавек, які захацеў ахвяраваць сродкі на гэтую справу, і сродкаў было менавіта столькі, колькі патрабавалася для рэгістрацыі і для пачатковых рэчаў. Для мяне гэта была з боку Пана Бога такая падтрымка: паглядзі, не апускай рук, ідзі далей!”, - узгадала сястра.

Ахвяравалі на будаўніцтва таксама дабрачынная арганізацыя “Renovabis” з Германіі, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Італіі, а таксама шматлікія беларусы, захопленыя ідэяй духоўнага выхавання сваіх дзяцей. Зараз тут дзясяткі абсталяваных пакояў: для заняткаў, адпачынку, гульняў, ежы. Трэці паверх у асноўным – для дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі, нават, даволі цяжкімі. Цэнтр зможа прыняць як мінімум 130 чалавек – дзяцей ад 3 гадоў і да паўналецця.

Будынак у поўнай меры адпавядае самым сучасным патрабаванням. Праўда, некаторыя канструктыўныя рашэнні прыйшлося адстойваць. “Магчыма казіно ці клуб было б лягчэй пабудаваць, а такая ўстанова кажа сама за сябе. Дабро заўсёды нараджаецца ў болі і з цяжкасцямі. Ёсць сучасныя рашэнні для камфорту дзяцей і выхавацеляў, якія не адпавядаюць састарэлым нормам, якія зараз дзейнічаюць. Іх не можна выкарыстаць. Такія нормы трэба змяняць і я спадзяюся, што некалі гэта адбудзецца ў нашай дзяржаве. Напрыклад, пры праектаванні груп для дзяцей прыбіральня зроблена так, каб выхавацель бачыў, куды пайшло дзіця. Там ёсць такія вокны, якія з аднаго боку захоўваюць інтымнасць дзіцяці, з іншага – дазваляюць выхавацелю не губляць яго з поля зроку. Нават, калі з боку дзяржавы прыйшлі і ўбачылі такое праектаванне, яны былі здзіўлены, але і захоплены”, - падзялілася дырэктар дабрачыннай установы.

Пачынаць дзень і заняткі з малітвы, наведваць капліцу, спасцігаць рэлігійныя веды – гэта ў прыватнасці, а ўвогуле – навучыць жыць з Богам, у міры з сабой і бліжнімі – такую задачу перад сабой ставяць выхавальнікі.

Сёстры-уршулянкі маюць вялікі вопыт працы з дзецьмі ў Беларусі і ведаюць: калі маленькі чалавек трапляе ў рэлігійнае асяроддзе, амаль у першы ж дзень адбываюцца вялікія змены. Тых, хто жадае выхоўваць сваіх дзяцей з дапамогай місіі Добрага Самараніна ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры – шмат. “Ёсць шмат такіх людзей, якія заходзяць, цікавяцца. Асабліва гэта пачалося тады, калі мы на будынку ўсталявалі крыж, які сведчыць, што мы – рэлігійная ўстанова і тут жыве Бог. Таму мы і завёмся Хрысціянскім цэнтрам, мы – для ўсіх, не важна, ты рыма-католік, ці праваслаўны, ці грэка-католік, ці іншага веравызнання. Мы – для ўсіх!”, - адзначыла сястра Часлава.

Асвячэнне адбудзецца 29 мая 2018 г., а з новага навучальнага года ўстанова пачне працаваць у поўную сілу. Відавочна, што гэта новы крок на шляху хрысціянскага адраджэння Беларусі, шляху да Бога.

Навіна ў фармаце аўдыё

Photogallery

Хрысціянскі сацыяльны цэнтр для дзяцей і моладзі ў патрэбе
26 мая 2018, 11:21